Сцяг Пятніца, 17 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 мая 2024, 09:06

Юныя медыятары: школьнікі звяртаюцца часцей за ўсё з-за булінгу

Фота з архіва
Фота з архіва
2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У школьныя службы медыяцыі часцей за ўсё звяртаюцца з праблемай булінгу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА юныя медыятары, вучні сярэдняй школы нумар 30 горада Мінска, якія прымалі ўдзел у VII фестывалі школьнікаў і студэнтаў "Медыяцыя будучыні".

Паводле слоў школьніцы Ульяны Будай, якая ўзначальвае школьны савет самакіравання (у яго ўваходзіць цэнтр медыяцыі школы),за ўрэгуляваннем канфліктаў звычайна звяртаюцца вучні розных класаў - ад 1-га да 11-га. Яны разумеюць, што не хочуць вырашаць канфлікт з прыцягненнем дарослых, ім камфортней разабрацца з дапамогай равеснікаў - юных медыятараў.

Як адзначыла школьніца, найбольш частай прычынай зваротаў становіцца булінг, цкаванне ў класе. Юныя медыятары вырашаюць праблему шляхам перагавораў двух бакоў. "Спачатку выслухоўваем адзін бок, потым другі, а потым разам іх збіраем і вырашаем канфлікт. Праблема не выходзіць за межы кабінета: гэта строга канфідэнцыяльна", - падкрэсліла яна.

Вучань, звяртаючыся за дапамогай, дакладна ведае, што пра гэта больш ніхто не даведаецца, звярнула ўвагу юны медыятар. У гэтым сутнасць медыяцыі: школьнік упэўнены, што яго не засмяюць з-за таго, што ён звярнуўся за ўрэгуляваннем канфлікту, дадала Ульяна Будай.

Школьніца Ганна Сімута мае вопыт урэгулявання некалькіх канфліктаў. Паводле яе слоў, медыятыўныя сустрэчы праводзяцца ў сувязі са зваротамі або класных кіраўнікоў, або саміх вучняў. З дапамогай нейтральнага боку - медыятара - канфліктуючыя могуць дамовіцца паміж сабой.

"Часцей за ўсё прыходзім да нейкага рашэння, - звярнула ўвагу школьніца. - Цяпер мы працуем з адным класам, і каб урэгуляваць гэты канфлікт, патрэбны час. Сітуацыя вельмі складаная і ў ёй трэба разабрацца. Мы працуем камандай з педагогамі".

Ганна Сімута ўпэўнена, што медыятыўныя практыкі спатрэбяцца ў жыцці ёй самой. Разуменне таго, як урэгуляваць канфлікт, у будучым будзе карысна ва ўзаемаадносінах з маладым чалавекам, сябрамі, у прынцыпе ва ўсіх узаемаадносінах, падкрэсліла яна.

Медыяцыя ў школах Беларусі пачала развівацца з 2015 года. На сёння па ўсёй краіне налічваецца каля 250 школ, у якіх створаны ці будуць створаны школьныя службы медыяцыі. Практыка паказала, што ідэі мірнага ўрэгулявання рознагалоссяў і школьных канфліктаў арганічна ўспрымаюцца вучнямі і настаўнікамі. Прымяненне медыяцыі для школьных канфліктаў нясе не толькі прымірэнне школьнікам, але ў цэлым пазітыўна ўплывае на школьную адукацыйную атмасферу.

Фестываль школьнікаў і студэнтаў "Медыяцыя будучыні" праходзіў 29 і 30 красавіка ў Мінскім гарадскім адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Лідар" у Мінскім раёне. Традыцыйны фестываль стаў пляцоўкай для абмену вопытам па рабоце школьных службаў медыяцыі. Мерапрыемства накіравана на ўкараненне і развіццё медыяцыі ў адукацыйнай сферы, што дазваляе своечасова вырашаць канфлікты сярод вучняў, служыць прафілактыкай правапарушэнняў, ствараць мірнае адукацыйнае асяроддзе.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі