Сцяг Нядзеля, 19 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 лістапада 2018, 15:51

"Вялікі гістарычны атлас Беларусі", які ствараўся больш за 10 гадоў, прэзентуюць 21 лістапада ў Нацбібліятэцы

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Вялікі гістарычны атлас Беларусі", які ствараўся больш як 10 гадоў, прэзентуюць 21 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў аддзеле па сувязях з грамадскасцю ўстановы.

"Больш за дзесяць гадоў спатрэбілася гісторыкам, картографам і іншым спецыялістам для стварэння першага ў Беларусі найбольш поўнага і навукова выверанага гістарычнага атласа, які ўяўляе сабой фундаментальнае чатырохтомнае выданне. Тэматычныя раздзелы кніг прысвечаны ваенна-палітычным падзеям, адміністрацыйным пераўтварэнням, сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю, а таксама духоўнаму жыццю грамадства", - расказалі ў бібліятэцы.

На старонках атласа чытач знойдзе больш за 400 унікальных карт, у аснове кожнай - арыгінал-крыніца. "Чатыры тамы атласа дапаўняюць генеральныя карты, на якіх паказаны ўсе значныя населеныя пункты адпаведнага часу з абазначэннем прыналежнасці. Геаграфічны паказальнік знаёміць чытача з гістарычнымі і сучаснымі назвамі ўсіх населеных пунктаў, размешчаных на генеральнай карце, прыналежнасцю да паветаў і маёнткаў, часам першага згадвання ў крыніцах, варыянтамі і змяненнямі назваў", - адзначылі ў аддзеле па сувязях з грамадскасцю.

Галоўная ідэя праекта - даць грамадскасці нагляднае ўяўленне аб гісторыі Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. Кожны з тамоў адлюстроўвае лёсавызначальныя этапы этнагенезу беларусаў, іх складанага шляху да ўтварэння самастойнай дзяржавы.

Асноўную ролю ў арганізацыі работ па стварэнні атласа, выкананне картаграфічных работ і яго фінансаванне ажыццявіла РУП "Белкартаграфія" Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Несумненная заслуга ў падрыхтоўцы выдання належыць вучоным інстытута НАН Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спецыялістам Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі, іншых дзяржаўных органаў і арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі