Сцяг Нядзеля, 23 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 мая 2024, 10:17

Лукашэнка і Аліеў наведалі адраджаемыя тэрыторыі Азербайджана

(Абноўлена 17:35)

17 мая, Фізулі /Кар. БЕЛТА/. У рамках дзяржаўнага візіту ў Азербайджан Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сумесна з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым 17 мая наведаў адраджаемыя тэрыторыі рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Раніцай 17 мая Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Фізулі. У аэрапорце ля трапа самалёта яго сустрэў Ільхам Аліеў. Прэзідэнт Азербайджана коратка расказаў беларускаму калегу аб праводзімых работах па аднаўленні і развіцці гэтых тэрыторый, будаўніцтве новых інфраструктурных аб'ектаў. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з новым аэрапортам, і кіраўнікі дзяржаў у суправаджэнні вялікага картэжа накіраваліся ў горад.
Фізулінскі міжнародны аэрапорт - адзін з сямі міжнародных аэрапортаў краіны (хутка іх стане яшчэ больш). Гэта паветраная гавань звязвае сталіцу Азербайджана з Карабахам. Аэрапорт пачалі будаваць у студзені 2021 года, а ўжо ў верасні тут прызямліўся першы самалёт. Цырымонія адкрыцця аэрапорта адбылася праз месяц з удзелам прэзідэнтаў Азербайджана і Турцыі.
Самі ж Фізулі былі вернуты пад кантроль Азербайджана 17 кастрычніка 2020 года. Горад валодае вялікім транспартна-лагістычным патэнцыялам, паколькі знаходзіцца на скрыжаванні асноўных транспартных артэрый Карабахскага і Усходне-Зангезурскага эканамічных раёнаў Азербайджана. Згодна з генеральным планам, да 2040 года насельніцтва г.Фізулі павялічыцца да 50 тыс. чалавек (для параўнання, у канцы 1980-х тут пражывала каля 17 тыс. грамадзян, цяпер - усяго толькі пара тысяч).
У час паездкі Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў агледзелі тэрыторыі горада, разбураныя аб'екты і перспектыўныя раёны для забудовы. Па маршруце прэзідэнты паехалі ў адной машыне, прычым за рулём быў азербайджанскі лідар.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з экспазіцыямі, якія адлюстроўваюць дынаміку аднаўлення разбураных аб'ектаў, пасля чаго абодва лідары накіраваліся ў Шушу.

У савецкія гады гэты горад уваходзіў у склад Нагорна-Карабахскай аўтаномнай вобласці Азербайджанскай ССР, а пасля распаду Савецкага Саюза кантраляваўся непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікай. У лістападзе 2020 года Азербайджан аднавіў кантроль над горадам, што было замацавана трохбаковай заявай Азербайджана, Арменіі і Расіі. Цяпер у Шушы таксама праводзяцца аднаўленчыя работы, будуецца жыллё для вяртання азербайджанскіх бежанцаў.
"Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Зусім новае жыццё будзе. Вядома, няшчасце дорага абышлося", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнікі дзяржаў наведалі жылы масіў горада, азнаёміўшыся з жыллёвымі ўмовамі, памятныя мясціны і музейна-выставачную экспазіцыю аб дзейнасці Гейдара Аліева. Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў таксама агледзелі трактарную тэхніку, падораную гораду Прэзідэнтам Беларусі.
"Карыстайся. Спадабаецца - дабавім яшчэ", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Вядома, у горадзе шмат што нагадвае аб трагічным мінулым: некаторыя дамы ўжо не аднавіць, а памятныя мясціны і храмы разбураны.

"Разваліны гаворачыя... - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Але дзе можна аднавіць будынкі, трэба аднаўляць".
Дарэчы, спрадвеку Шуша славілася сваім багатым культурным жыццём, літаратурай, музыкай, архітэктурай. У горадзе дзейнічалі розныя літаратурныя і музычныя таварыствы. У 2021 годзе ў Шушы адрадзілі міжнародны фальклорны фестываль "Хары-бюльбюль", у 2024 годзе горад стаў культурнай сталіцай ісламскага свету. У сувязі з гэтым частка праграмы была прысвечана знаёмству з гісторыка-культурнымі традыцыямі Шушы.
У горадзе прэзідэнты сустрэлі знакамітага савецкага і азербайджанскага спевака, а цяпер пасла Азербайджана ў Расіі Палада Бюльбюль аглы, чаму Аляксандр Лукашэнка быў вельмі здзіўлены.

"Палад, ты тут? А то бачу: усё ў Маскве і Маскве", - сказаў Прэзідэнт.

"Гэта сюрпрыз табе!" - заявіў Ільхам Аліеў.

"Шыкоўнае месца. Вось чаму ты спяваеш да гэтага часу прыгожа. Паветра якое тут! Нядаўна гляджу перадачу - ён спявае!"  - прыйшоў у захапленне Аляксандр Лукашэнка.У Шушы аднавілі дом, дзе пражываў бацька Палада Бюльбюль аглы, савецкі і азербайджанскі оперны спявак, заснавальнік нацыянальнага музычнага тэатра Муртуза Мешадзі Рза аглы Мамедаў, які атрымаў мянушку Бюль-Бюль (у перакладзе з азербайджанскай "салавей").

Цяпер на гэтым месцы музей, прысвечаны вядомаму выканаўцу. Побач можна ўбачыць бюст Бюль-Бюля. Ён быў устаноўлены яшчэ ў савецкія гады, а пасля - расстраляны і дэманціраваны. Да 2021 года бюст захоўваўся ў палацы Азербайджанскага музея мастацтваў, а потым яго вярнулі ў Шушу.

"Хто страляе ў іконы і помнікі, гэта варвары", - заявіў беларускі лідар.
Як паведамлялася, 16 мая Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў правялі афіцыйныя перагаворы ў Баку. Адной з тэм сустрэчы стала пасляваеннае аднаўленне тэрыторый Азербайджана.

Яшчэ ў снежні мінулага года на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу Прэзідэнт Азербайджана прыняў прапанову Беларусі паўдзельнічаць у мадэрнізацыі і будаўніцтве інфраструктурных аб'ектаў у Карабаху.

У час перагавораў у Баку Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пасля завяршэння ваенных дзеянняў самае галоўнае і складанае - аднаўленне і развіццё тэрыторый. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мала проста вярнуць людзей на гэтыя землі. Неабходна ствараць тут працоўныя месцы і забяспечваць грамадзянам дастойнае жыццё, што зойме доўгія гады.

"Тэхніка, аграгарадкі, працоўныя месцы, пэўныя тэхналогіі (вашы спецыялісты, міністры добра ведаюць гэтыя тэхналогіі) - калі яны прыдатныя, калі наша тэхніка можа тут прысутнічаць і працаваць… Я на перагаворах сам-насам Ільхама Гейдаравіча папрасіў: калі гэта магчыма - нейкае месца для Беларусі, - вы, калі ласка, нам яго дайце. І Ільхам Гейдаравіч такі падыход падтрымаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі