Сцяг Панядзелак, 20 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 лістапада 2021, 09:13

Упершыню на "Лістападзе" пакажуць расійскія фільмы праекта Russian film festival

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тры расійскія фільмы праекта Russian Film Festival пакажуць як частку пазаконкурснай праграмы на XXVII Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінскага кінафестывалю.

Плануецца, што Russian Film Festival прадставіць у Мінску дэтэктыў Аляксея Фядорчанкі "Апошняя "Мілая Балгарыя" і дзве драмы: "Сумленне" Аляксея Казлова і "Доктар Ліза" Аксаны Карас.

"Расію і Беларусь звязваюць даўнія адносіны ў галіне культуры. Мы актыўна рэалізуем сумесныя кінапраекты, якія ўдастойваюцца ўзнагарод на міжнародных кінафестывалях, - сказала генеральны дырэктар "Раскіно" Яўгенія Маркава. - У нас вялікі патэнцыял у развіцці кінапрадукцыі і нават цяпер у рабоце знаходзіцца некалькі праектаў. Упэўнена, што наша супрацоўніцтва з Мінскім міжнародным кінафестывалем будзе прадоўжана і ў далейшым".

Так, сталічны глядач убачыць на экране драму "Сумленне", заснаваную на рэальных падзеях. У 1922 годзе з петраградскай турмы збегла злачынная група. Следчы вымушаны мірыцца з беззаконнасцю, але забойства брата перапаўняе чашу яго цярпення і ён адважваецца на здзелку з сумленнем. У гэтым годзе фільм атрымаў адразу тры ўзнагароды міжнароднага Шанхайскага кінафестывалю за выдатныя мастацкія дасягненні, лепшую аператарскую работу і лепшы сцэнарый. Пачатак паказу ў 19.00 у кінатэатры "Беларусь".

Гасцям фестывалю прапануюць паглядзець яшчэ адну драму, заснаваную на рэальных падзеях пад назвай "Доктар Ліза". Гэты фільм - адзін дзень з жыцця вядомай дабрачынніцы, кіраўніка фонду "Справядлівая дапамога" Лізаветы Глінкі. Урач-рэаніматолаг дапамагала ўсім, каму патрэбна была дапамога, - дзецям, старым, бяздомным, маламаёмным. Яна загінула ў авіякатастрофе ў 2016 годзе, накіроўваючыся ў Сірыю з медыкаментамі.

У 2021 годзе кінастужка перамагла ў дзвюх намінацыях Расійскай нацыянальнай кінематаграфічнай прэміі "Ніка". Прыз за лепшую жаночую ролю атрымала актрыса Чулпан Хаматава, якая ўвасобіла вобраз доктара на экране, а прыз за лепшую жаночую ролю другога плана прысудзілі актрысе Таццяне Догілевай. У фільме таксама здымаліся Канстанцін Хабенскі і Андрэй Буркоўскі. Паказ пройдзе 21 лістапада ў кінатэатры "Піянер". Пачатак у 21.00.

Яшчэ адзін фільм, які будзе прадстаўлены на "Лістападзе" - "Апошняя "Мілая Балгарыя", пастаўлены паводле матываў аўтабіяграфічнай аповесці Міхаіла Зошчанкі "Перад узыходам сонца", фрагментаў дзённікаў рэжысёра Сяргея Эйзенштэйна і кампазітара Сяргея Пракоф'ева. У цэнтры сюжэта малады селекцыянер, які трапіўшы ў 1943 годзе ў Алма-Ату, спрабуе разгадаць загадку гібелі пісьменніка, які некалі жыў там. Пачатак у 21.00 у кінатэатры "Беларусь".

Як анлайн-праект Russian Film Festival стартаваў у 2020 годзе. Удзел у праграме "Лістапада" стане сёмай у гісторыі інтэграцыяй пасля фестываляў у Пекіне, Ташкенце, Рызе, Улан-Батары, Таліне і Варшаве. Russian Film Festival у Беларусі адбудзецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Расіі і расійскага Фонду кіно.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі