
3 снежня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Цэнтры культуры "Віцебск" стартуюць рэгіянальныя адборачныя туры да XXXI Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2022" і ХX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2022", якія традыцыйна праходзяць на "Славянскім базары", паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
Удзельнікі дзіцячага адбору выканаюць эстрадную песню беларускага аўтара на беларускай мове і эстрадную песню па выбары, якая найбольш ярка адлюстроўвае выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці. Дарослыя выканаюць эстрадную песню кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў і папулярную кампазіцыю на замежнай мове (сусветны хіт).
На ўдзел у адборачным туры да дзіцячага музычнага конкурсу пададзена 39 заявак, да конкурсу выканаўцаў эстраднай песні - 25. У складзе журы прадстаўнікі ўстаноў культуры і адукацыі Віцебска, профільнага міністэрства, упраўлення культуры аблвыканкама, кіраўнікі дырэкцыі "Славянскага базару".
Міжнародны фестываль мастацтваў у 2022 годзе плануецца правесці з 14 па 17 ліпеня.-0-