Сцяг Панядзелак, 20 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 лістапада 2021, 14:15

Рамансы ХХ стагоддзя: у Вялікім тэатры пройдзе вечар музыкі беларускіх кампазітараў

19 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вечар музыкі беларускіх кампазітараў "Маё каханне. Беларускі раманс ХХ стагоддзя" пройдзе 23 лістапада на сцэне камернай залы Вялікага тэатра Беларусі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Госці вечара пачуюць музыку Дзмітрыя Лукаса, Уладзіміра Солтана, Аляксандра Друкта, Анатоля Багатырова, Уладзіміра Алоўнікава, Дзмітрыя Смольскага, Ігара Лучанка. Творы, якія прагучаць на канцэрце, напісаны на словы класікаў беларускай літаратуры, сярод якіх Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч і іншыя.

"Для мяне гэта праграма дарагая, паколькі сярод гэтых твораў няма ніводнага, да якога можна было б паставіцца абыякава, - расказала канцэртмайстар оперы Вялікага тэатра Ірына Целяпнёва. - У канцэрт уключаны жамчужыны беларускага класічнага раманса. Гэта вельмі глыбокая музыка, якая павінна знаходзіць сваё месца на тэатральных афішах і ў канцэртных залах. Самае галоўнае для мяне на гэтым вечары - абудзіць у людзях эмоцыю, жывую, сапраўдную, непасрэдную. Паколькі дзеля гэтага публіка і ходзіць на канцэрты".

Канцэрт пройдзе ў адно аддзяленне. "Спадзяюся, што пасля праграмы мы з гледачом застанемся і пагаворым. Давайце паспрабуем стварыць новы фармат сустрэчы. Я гатова адказаць на любое пытанне, якое датычыцца музыкі. Гарантую, што гэта будзе вельмі шчыра, але і вы можаце выказаць, што вам спадабалася або не спадабалася. Для нас, артыстаў, такая сустрэча будзе вельмі важная, і я спадзяюся, што вам таксама будзе цікава", - рэзюмавала Ірына Целяпнёва.

У канцэрце прымуць удзел народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна, заслужаныя артысты Беларусі Алена Сало і Алена Бундзелева, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Таццяна Пятрова, Таццяна Гаўрылава, Ганна Гур'ева, Алена Таболіч, Вольга Маліноўская, Святлана Марусевіч, Марына Аксёнцава, Алена Золава, Іна Русіноўская, Крыскенція Стасенка, Андрэй Мацюшонак і Аляксандр Краснадубскі. Вядучая вечара - Вольга Кажгаліева.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі