29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2-3 снежня зробіць афіцыйны візіт у Сербію. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
У Бялградзе Аляксандр Лукашэнка правядзе перагаворы з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. На сустрэчы ў вузкім і пашыраным складах кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць развіццё палітычнага дыялогу і эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі.
"Асаблівую ўвагу прэзідэнты ўдзеляць перспектывам павелічэння тавараабароту, ініцыятывам па стварэнні сумесных вытворчасцей і запуску ўзаемных інвестыцыйных праектаў. Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяркуюць рэгіянальны і сусветны парадак дня, супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках", - расказалі ў прэс-службе. Па выніках перагавораў будзе падпісаны пакет двухбаковых дакументаў.
Праграмай візіту Аляксандра Лукашэнкі прадугледжана яго сустрэча са старшынёй Народнай скупшчыны Сербіі Маяй Гойкавіч і дэпутатамі вышэйшага заканадаўчага і канстытуцыйнага органа краіны.
У гэтыя ж дні ў Бялградзе пройдзе беларуска-сербскі бізнес-форум, на якім чакаецца падпісанне камерцыйных кантрактаў і пагадненняў.
Апошні раз прэзідэнты Беларусі і Сербіі сустракаліся ў чэрвені гэтага года: Аляксандр Вучыч прылятаў у Мінск, каб наведаць II Еўрапейскія гульні.
У час сустрэчы Прэзідэнт Беларусі сказаў, што палітычныя адносіны дзвюх дзяржаў знаходзяцца на самым высокім узроўні, цяпер краінам трэба будзе ўмацоўваць гандаль. "Каб быў трывалы фундамент нашых адносін, каб ужо ніхто ніколі іх не зрушыў, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Сербія - гэта не толькі прыярытэт нашых адносін, гэта блізкая нам краіна, гэта блізкі нам народ. Вы ведаеце, што такое Сербія для мяне асабіста".
На пачатак года паказчыкі двухбаковага гандлю Беларусі і Сербіі дэманстравалі рост. Тавараабарот за студзень-красавік перасягнуў $59 млн, павялічыўшыся на 48 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Усяго за 2018 год ён склаў $148 млн.
У Сербіі дзейнічаюць лініі па зборцы трактароў МТЗ і аўтобусаў МАЗ, вядзецца работа па стварэнні сумеснай вытворчасці камбайнаў "Гомсельмаш" у Крагуевацы. Рэалізуецца праект па выпуску для МУС Сербіі 33 пажарных машын на базе шасі МАЗ. На тэрыторыі Беларусі сербская кампанія "Дана Холдынг" прадаўжае рэалізацыю буйных будаўнічых праектаў - "Маяк Мінска" і "Мінск-Мір". Усяго ў Беларусі зарэгістравана 7 арганізацый з удзелам сербскага капіталу.-0-