Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 красавіка 2024, 09:46

Хакеісты "Металурга" і "Брэста" пачынаюць фінальную серыю Кубка Прэзідэнта

Фота з архіва
Фота з архіва
10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Жлобіне стартуе фінальная серыя плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі сезона-2023/24, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Да вырашальнай серыі сезона дабраліся дзеючыя чэмпіёны краіны з "Металурга", а таксама аўтары самай гучнай сенсацыі апошніх гадоў у беларускім хакеі з "Брэста". Упершыню ў гісторыі экстралігі галоўны трафей разыграюць каманды, якія трапілі ў плэй-оф, калі былі пасеяны па-за топ-5. Па выніках 55 тураў "гладкага" чэмпіянату жлобінскі клуб заняў шостае месца, адстаўшы ад пераможцы "рэгуляркі" "Шахцёра на 23 ачкі. "Брэст" фінішаваў у табліцы экстралігі сёмым, уступіўшы "Металургу" 10 балаў.

Падапечныя Дзмітрыя Краўчанкі выйшлі ў фінал Кубка Прэзідэнта трэці раз запар, два папярэднія паходы "ваўкоў" заканчваліся заваяваннем тытула. У цяперашнім плэй-оф жлабінчане правялі дзесяць матчаў, з якіх прайгралі толькі два. У першым раўндзе "Металург" нечакана лёгка разабраўся са сталічным "Юнацтвам" (4:1 у серыі), а ў паўфінале не менш упэўнена абыграў суседзяў і прынцыповых сапернікаў з "Гомеля" (4:1).

Адной з прычын такога дамінавання з'яўляецца надзейная гульня ў варотах Сяргея Бальшакова. У расійскага галкіпера 95,8 працэнта адбітых кідкоў, два сухія матчы і ўсяго 14 прапушчаных шайбаў у 10 матчах. Лініі атакі і абароны "Металурга" таксама выглядаюць магутна: перад паўфіналам у склад жлабінчан прыбыло падмацаванне з мінскага "Дынама" ў асобе Віталя Пінчука, Сяргея Кузняцова і Ягора Борыкава. Пасля траўмы ў каманду вярнуўся лепшы бамбардзір клуба ў "рэгулярцы" Канстанцін Лукін.

Брастаўчане ў гэтым годзе прабіваліся ў чвэрцьфінал праз матчы стадыі плэй-ін супраць "Ліды". Наступным іх сапернікам стаў "Віцебск", які заняў у "гладкім" сезоне другое месца. Серыя расцягнулася на максімальныя сем матчаў, у вырашальнай сустрэчы каманды дагуляліся да другога авертайма, дзе "Брэст" усё ж атрымаў праход далей. Потым "зуброў" чакаў яшчэ больш грозны апанент - салігорскі "Шахцёр", але гэту серыю яны нечакана закрылі нават раней (4:2). Па ходзе кожнай з чатырох пераможных гульняў брастаўчане ўступалі, але нязменна пераварочвалі ход сустрэч.

Ключавой фігурай у гістарычным поспеху каманды называюць галоўнага трэнера Сяргея Пушкова. Расійскі спецыяліст узначаліў "Брэст" па ходзе сезона і адразу вывеў яго ў фінал, дзе клуб не гуляў ні разу. "Рэгулярку" "зубры" правялі няроўна, у нейкі момант нават прайграўшы 7 матчаў запар. Але ў плэй-оф перад балельшчыкамі з'явіўся зусім іншы калектыў. Лепшымі бамбардзірамі Кубка Прэзідэнта цяпер з'яўляюцца менавіта ігракі брастаўчан Сяргей Маляўка (11 ачкоў) і Яраслаў Косаў (9), а галкіпер Сяргей Броннікаў амаль не ўступае па статыстыцы свайму калегу з "Металурга".

Два першыя матчы фіналу Кубка Прэзідэнта пройдуць у Жлобіне 10 і 12 красавіка, сёння стартавае ўкідванне запланавана на 18.00. Усе білеты на абодва паядынкі прададзены. У Брэсце сапернікі згуляюць 14 і 16 красавіка, а ў чаканні дамашніх гульняў мясцовыя паклоннікі хакея змогуць сачыць за матчамі ў фан-зоне на галоўнай пешаходнай вуліцы горада - Савецкай. Пры неабходнасці пятая, шостая і сёмая гульні процістаяння адбудуцца 18, 20 і 22 красавіка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі