Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
05 красавіка 2024, 09:05

Хакеісты "Брэста" ўпершыню ў гісторыі выйшлі ў фінал Кубка Прэзідэнта

Фота hockey.by
Фота hockey.by
5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У чацвер, 4 красавіка, вызначыўся другі ўдзельнік фіналу плэй-оф беларускай хакейнай экстралігі сезона-2023/24 - ім стаў хакейны клуб "Брэст", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У паўфінале брастаўчане сустракаліся з адным з фаварытаў сезона - салігорскім "Шахцёрам". "Гарнякі" сталі лепшай камандай рэгулярнага чэмпіянату, у той час як жыхары поўдня пасля 55 тураў фінішавалі ў табліцы толькі сёмымі, адстаўшы ад "Шахцёра" на 33 балы. У першым раўндзе плэй-оф салігарчане лёгка разабраліся з "Хімікам" (4:0), а вось "Брэст" прабіраўся праз вельмі складаную серыю з яшчэ адным прэтэндэнтам на золата - "Віцебскам" (4:3). Здавалася, "гарнякі" дакладна стануць для "зуброў" неадольнай перашкодай, але ў падапечных Сяргея Пушкова было наконт гэтага ўласнае меркаванне.

На шосты паядынак серыі, які прымаў горад над Бугам, жыхары поўдня выходзілі ў статусе лідараў, выйграўшы тры папярэднія матчы з пяці. Галоўная гульня ў гісторыі мясцовага хакея стартавала для гаспадароў няўдачна, яны прапусцілі ўжо на 45-й секундзе сустрэчы. Тым не менш гэты факт брастаўчан ніколькі не збянтэжыў: у другім перыядзе каманда не проста зраўнавала лічбы, але і выйшла наперад намаганнямі Аляксея Селівончыка і Максіма Мельнікава - 2:1.

У пачатку заключнай трэці "Шахцёру" ўдалося адыграцца, але гэта шайба ў выніку аказалася для салігорскага клуба апошняй у гэтым матчы і сезоне ў цэлым. За тры з палавінай мінуты да сірэны Віктар Боўбель зноў забяспечыў гаспадарам лідарства, а ў канцоўцы Сяргей Маляўка паразіў пустыя вароты і ўстанавіў канчатковы лік. 4:2 у гульні і 4:2 у серыі - "Брэст" упершыню ў гісторыі выйшаў у фінал Кубка Прэзідэнта, "гарнякі" зноў задавольваюцца толькі бронзавымі медалямі.

Процістаяць "зубрам" у серыі за золата будзе дзеючы чэмпіён краіны "Металург". Фінальная серыя Кубка Прэзідэнта стартуе 10 красавіка ў Жлобіне.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі