17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведае Мінскі гарадскі цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, паведамляе БЕЛТА.
Адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця цэнтра. Кіраўніку дзяржавы даложаць аб сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска, перспектывах развіцця тэхнічнай творчасці. Прэзідэнту прадэманструюць асобныя тэхнічныя комплексы, робататэхнічнае абсталяванне і праекты навучэнцаў.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміцца з вучэбна-матэрыяльнай базай цэнтра, наведае лабараторыю па розных напрамках інавацыйнай тэхнічнай творчасці. Плануецца, што яму таксама прадэманструюць вучэбна-трэніровачныя заезды радыёкіруемых аўтамадэлей і практычны занятак па кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі.
Мінскі гарадскі цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі створаны на месцы былога аўтавакзала "Усходні". Будынак быў рэканструяваны і аснашчаны неабходным абсталяваннем. Цэнтр займае памяшканні агульнай плошчай больш за 7,2 тыс. кв.м.
У цэнтры адкрыты 18 вучэбных лабараторый па розных напрамках інавацыйнай тэхнічнай творчасці. У іх ліку авія-ракетамадэляванне, аўтамотатэхніка, суднамадэляванне, робататэхніка, канструяванне і эксплуатацыя беспілотнікаў, архітэктура і прамысловы дызайн, праграмаванне, мехатроніка, энергетыка. На тэрыторыі побач з цэнтрам размешчаны спецыялізаваныя вулічныя пляцоўкі.-0-
