Сцяг Панядзелак, 23 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 чэрвеня 2019, 13:06

Прэзідэнт Егіпта прыбыў з афіцыйным візітам у Беларусь

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі прыбыў з афіцыйным візітам у Беларусь. Яго самалёт прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ля трапа самалёта кіраўніка дзяржавы сустрэлі міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Уладзімір Калтовіч, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас, а таксама паслы абедзвюх краін.

Сёння Абдэль Фатах аль-Сісі правядзе ў Мінску сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам і кіраўнікамі буйных беларускіх прадпрыемстваў. На 18 чэрвеня запланаваны перагаворы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведамляла прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, Абдэль Фатах аль-Сісі і Аляксандр Лукашэнка абмяркуюць пашырэнне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, разгледзяць ход рэалізацыі сумесных праектаў, перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, навуцы, адукацыі, сферы бяспекі. Лідары дзвюх краін таксама абмяркуюць развіццё палітычных адносін, у тым ліку на пляцоўках міжнародных арганізацый, бягучую сітуацыю ў рэгіёне і свеце. Па выніках перагавораў чакаецца падпісанне пакета міжнародных дакументаў.

За апошнія два гады беларуска-егіпецкі тавараабарот вырас амаль у два разы - $57,8 млн у 2016-м да $108,7 млн у 2018-м. Экспарт беларускіх тавараў таксама амаль падвоіўся (з $43,3 млн да $83 млн). Асноўныя паказчыкі за студзень-красавік 2019 года дэманструюць рост да аналагічнага перыяду мінулага года. Тавараабарот склаў $50,32 млн (плюс 45 працэнтаў), экспарт - $35,26 млн (плюс амаль 72 працэнты).

Беларусь пастаўляе ў Егіпет грузавую аўтатэхніку, трактары, оптыку, металапрадукцыю, рэнтгенаўскае абсталяванне, калійныя ўгнаенні, вяршкі і сухое малако, прадукцыю нафтахіміі і дрэваапрацоўкі. Егіпет экспартуе ў Беларусь цытрусавыя, агародніну і фрукты, лекавыя сродкі, адзенне, тэкстыль.

Цяпер краіны прапрацоўваюць і рэалізуюць больш за 15 сумесных праектаў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, падрыхтоўкі кадраў. Прыярытэтным напрамкам з'яўляецца аказанне садзейнічання Егіпту ў паглыбленні індустрыялізацыі краіны, абнаўленні прамысловых тэхналогій і стварэнні рабочых месцаў.

У лютым 2018 года запушчаны сумесны праект па вытворчасці аўтатэхнікі МАЗ. Шматпрофільнае прадпрыемства ў Александрыі выпускае трактары "Беларус", збожжаўборачныя камбайны "Гомсельмаш" і іншую сельгастэхніку для патрэб сельскай гаспадаркі Егіпта. Тут створана 40 рабочых месцаў і за мінулы год выраблена 302 трактары. Сумесна з Міністэрствам ваеннай прамысловасці Егіпта створаны зборачныя лініі пагрузчыкаў "Амкадор" і сельскагаспадарчага абсталявання "Бабруйскаграмаш".-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі