19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Ізраілі Яўген Вараб'ёў уручыў даверчыя граматы прэзідэнту краіны Рэўвену Рыўліну, паведамілі БЕЛТА ў беларускай дыпмісіі.
Пасля афіцыйнай цырымоніі адбылася зацікаўленая дыскусія пасла з кіраўніком яўрэйскай дзяржавы па пытаннях, якія маюць узаемны інтарэс. "Субяседнікі сышліся на думцы, што сумесная гісторыя пражывання беларускага і яўрэйскага народаў, а таксама захаванне памяці аб ёй з'яўляюцца трывалым фундаментам для канструктыўнага развіцця беларуска-ізраільскага супрацоўніцтва на сучасным этапе. Асобна быў падкрэслены ўклад выхадцаў з Беларусі ў стварэнне, пабудову і сучаснае развіццё дзяржавы Ізраіль", - адзначылі ў пасольстве.
Бакі таксама звярнулі ўвагу, што бязвізавы рэжым паездак грамадзян дзвюх краін садзейнічаў значнай актывізацыі двухбаковага ўзаемадзеяння па шырокім спектры напрамкаў, у першую чаргу ў гандлёва-эканамічнай сферы.
Пасля ўручэння даверчых грамат Яўген Вараб'ёў наведаў мемарыяльны комплекс гісторыі халакосту "Яд Вашэм", дзе запаліў агонь і ўсклаў вянок у Зале памяці, а таксама сустрэўся з кіраўніцтвам архіўнага дэпартамента музея.-0-