У верасні 2013 года Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін вылучыў ініцыятыву аб сумесным фарміраванні краінамі Еўразіі эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Гэта ідэя адразу прыцягнула ўвагу і ў рэгіёне, і ў свеце ў цэлым. За каментарыем наконт перспектыў развіцця новага міждзяржаўнага праекта мы звярнуліся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цыміна.
- Вялікі шаўковы шлях з'яўляецца гістарычным здабыткам чалавецтва. На працягу многіх стагоддзяў ён звязваў розныя народы, цывілізацыі, аб'ядноўваў людзей. Наколькі можна зразумець з прапаноў Сі Цзіньпіна, Кітай мае намер не проста адрадзіць гэту традыцыю, а на яе падставе стварыць новую канцэпцыю развіцця?
- Ваша праўда, эканамічны пояс Шаўковага шляху ўяўляе сабой ініцыятыву па супрацоўніцтве і канцэпцыю развіцця. Рэалізацыя гэтай ідэі будзе абапірацца на двухбаковыя і шматбаковыя механізмы ўзаемадзеяння Кітая з адпаведнымі краінамі, створаную эфектыўную рэгіянальную пляцоўку супрацоўніцтва і, больш таго, не дубліраваць, тым больш не сапернічаць з іншымі механізмамі супрацоўніцтва, такімі як ШАС, Еўразійскі эканамічны саюз. Наадварот - яго рэалізацыя здольна напоўніць гэтыя механізмы новым зместам і надаць ім дадатковы імпульс.
Гэта ініцыятыва ўяўляе сабой важны крок Кітая ў паглыбленні рэформ і павышэнні адкрытасці. Яна была ўнесена ў шэраг дакументаў ЦК КПК 18-га склікання і дзяржаўных нарад аб дыпламатычнай, эканамічнай рабоце, сустрэта з усеагульнай увагай у краіне і за мяжой.
Прадаўжаючы добрыя традыцыі адкрытасці старажытнага Шаўковага шляху, ідэя эканамічнага пояса ўлічыла вопыт рэгіяналізму краін Азіі. Аб закрытасці і застойнасці не можа быць гаворкі. Тым больш што эканамічны пояс фарміруецца не з нуля, а на глебе існуючага супрацоўніцтва, з'яўляючыся яго прадаўжэннем. Зацікаўленыя бакі маглі б супаставіць розныя праекты і злучыць іх у пакет, дабіўшыся, такім чынам, эфекту "адзін плюс адзін - атрымліваецца больш чым два".
- Якія краіны могуць стаць удзельнікамі гэтай ініцыятывы і якім крытэрыям яны павінны адпавядаць?
- Удзел могуць прымаць усе краіны, спрадвеку размешчаныя на Шаўковым шляху, і дружалюбныя суседзі Кітая, у першую чаргу дзяржавы Цэнтральнай Азіі, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі, Расія. Вельмі верагодна падключэнне да гэтага працэсу Блізкага Усходу і Усходняй Афрыкі, нават Еўропы, СНД і некаторых краін Афрыкі.
Улічваючы сённяшнія геаэканамічныя адносіны, эканамічны пояс Шаўковага шляху цесна звязаны з Расіяй, Беларуссю і іншымі краінамі былога СССР. За апошнія 20 гадоў КНР і гэтыя краіны, будучы традыцыйнымі сябрамі і незаменнымі партнёрамі, устанавілі дружалюбныя адносіны роўнасці і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Некаторыя цяпер рэалізуемыя праекты кітайска-расійскага супрацоўніцтва, напрыклад нафтагазаправоды, чыгуначная магістраль Чунцын - Сіньцзян - Еўропа, міжнародная аўтамагістраль Заходні Кітай - Заходняя Еўропа, можна было б спалучаць з будаўніцтвам эканамічнага пояса Шаўковага шляху, бо ў гэтым нашы агульныя інтарэсы. Працэсы будаўніцтва эканамічнага пояса і стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза не толькі не перашкаджаюць адзін аднаму, але і ўзаемна дапаўняюць, іх можна весці паралельна. Гэта будзе, несумненна, новая крыніца сілы і энергіі для росту ўсёабдымных адносін стратэгічнага партнёрства паміж Кітаем і краінамі постсавецкай прасторы.
- Сама ідэя прыгожая, аднак якім будзе механізм яе ажыццяўлення?
- Асноўны змест ініцыятывы эканамічнага пояса Шаўковага шляху мае пяць аспектаў з упорам на дзелавое супрацоўніцтва і рэалізацыю сумесных праектаў у практычных інтарэсах краін-удзельніц.
Па-першае, гэта ўзгадненне палітычных установак. Бакі маглі б абмяняцца думкамі па стратэгіі і палітыцы эканамічнага развіцця і зыходзячы з пошуку агульнай асновы пры існуючых разыходжаннях ажыццяўляць арганічнае злучэнне стратэгій эканамічнага развіцця, узгадняць і распрацоўваць праграму і меры па рэгіянальным супрацоўніцтве, у палітычным і прававым планах прадастаўляць усе неабходныя ўмовы для рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі.
Па-другое, развіццё транспартных зносін. У Кітаі гавораць: "Каб стаць багатымі, трэба спачатку будаваць дарогі". Такое меркаванне падзяляюць у многіх краінах свету. Кітай і яго суседзі павінны актыўна ўдасканальваць транспартную інфраструктуру ў трансгранічных рэгіёнах, фарміраваць транзітна-транспартную сетку, якая злучае субрэгіёны Азіі, з выхадам на Еўропу і Афрыку і, такім чынам, выправіць сітуацыю, калі "няма дарогі - няма сувязі", "дарога ёсць, а сувязі няма" або "сувязь хоць ёсць, але з перабоямі". Са стварэннем эканамічнага пояса Шаўковага шляху XXI стагоддзя ўзнікае новая рэальнасць, якая характарызуецца словамі "будзеш мець сяброў і ў далёкіх краях".
Па-трэцяе, стымуляванне ўзаемнага гандлю. Будуць абмяркоўвацца пытанні аб спрашчэнні працэдур гандлю і інвестыцый з прыняццем мер, нацэленых на ліквідацыю гандлёвых і інвестыцыйных бар'ераў, павышэнне хуткасці руху і якасці рэгіянальнай эканомікі, поўнае раскрыццё патэнцыялу гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва ўсіх уключаных краін.
Па-чацвёртае, забеспячэнне бесперабойнага грашовага абарачэння, вядзенне разлікаў у нацыянальных валютах і ўзаемны абмен валютамі, узмацненне двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва ў фінансавай сферы са стварэннем рэгіянальных фінансавых арганізацый развіцця, скарачэнне аперацыйных выдаткаў з дапамогай рэгіянальных пагадненняў, умацаванне фінансавых сістэм для процістаяння рызыкам і, у канчатковым выніку, павышэнне канкурэнтаздольнасці ў сусветнай эканоміцы.
Па-пятае, актывізацыя кантактаў звычайных людзей. Адносіны паміж краінамі шмат у чым залежаць ад блізкасці народаў. Кітай гатовы няспынна ўмацоўваць сацыяльную аснову ўзаемаадносін з суседнімі краінамі, садзейнічаць ажыццяўленню міжцывілізацыйных кантактаў і дыялогаў, развіваць дружалюбныя адносіны паміж людзьмі.
- Ініцыятыва прадугледжвае шырокі план дзеянняў. На які перыяд ён разлічаны?
- Рэалізацыя ініцыятывы - працэс доўгі, усё адразу не выканаеш. Дзейнічаць трэба паслядоўна і паэтапна, пачынаць з лёгкіх пытанняў і паступова пераходзіць да больш цяжкіх, крок за крокам выбудоўваць маштабнае рэгіянальнае супрацоўніцтва. Калі старажытны Шаўковы шлях у асноўным служыў для таварнага абмену, то эканамічны пояс Шаўковага шляху прадастаўляе больш магчымасцей для супрацоўніцтва. Прыярытэтнымі напрамкамі і праектамі могуць быць стварэнне адзінай інфраструктурнай сеткі, садзейнічанне гандлёва-інвестыцыйнай лібералізацыі, індустрыяльнае супрацоўніцтва і, безумоўна, гуманітарныя абмены і кантакты людзей. Што датычыцца індустрыяльнага супрацоўніцтва, то ў яго могуць уключыцца самыя розныя сферы: сельская гаспадарка і рыбаводства, навука і тэхніка, традыцыйная і высокатэхналагічная вытворчая індустрыя і сэрвіс. Бакі павінны паскорыць рэалізацыю праектаў у сферах транспарту, энергетыкі і тэлекамунікацый. Неабходна актывізаваць перагаворны працэс па заключэнні пагаднення аб свабодным гандлі і выпрацоўку мер па аблягчэнні паездак людзей. У авангардзе могуць выступаць пілотныя зоны развіцця і адкрытасці, прыгранічныя кантрольна-прапускныя пункты і парты. Пры ажыццяўленні гэтых праектаў мы павінны ўсяляк выкарыстоўваць перавагі палітычных адносін, геаграфічнай блізкасці, эканамічнай узаемадапаўняльнасці як базу для практычнага супрацоўніцтва і ўстойлівага эканамічнага росту.
У гэтым працэсе Кітай будзе прытрымлівацца свайго праверанага падыходу: "нельга недаацэньваць інтарэсы, але мараль перш за ўсё". Кітай будзе і ў далейшым аказваць пасільную дапамогу краінам, якія сталі на шлях развіцця, і дружалюбным суседзям для іх паскоранага развіцця. Мы будзем пастаянна павялічваць укладанні ў суседнія краіны, усяляк паскараць фарміраванне адзінай інфраструктурнай сеткі з суседнімі краінамі і стварэнне пляцоўкі для інвесціравання і фінансавання інфраструктурных праектаў, каб у прылеглых рэгіёнах панавалі згода, мір і дружба. Кітай не толькі дабіваецца ўздыму сваёй эканомікі, але і імкнецца павысіць узровень адкрытасці краіны з дапамогай эканамічнага пояса Шаўковага шляху, пашырыць узаемавыгаднае супрацоўніцтва з суседзямі і ўсімі краінамі свету.
- Відавочна, што фарміраванне эканамічнага пояса дае больш магчымасці паглыбляць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. Як паставіліся да гэтай ініцыятывы ў іншых краінах?
- Як толькі Сі Цзіньпін вылучыў ініцыятыву аб фарміраванні эканамічнага пояса Шаўковага шляху, лідары цэнтральнаазіяцкіх краін, Расіі, Афганістана, Украіны і краін Заходняй Азіі адзначылі, што ініцыятыва з'яўляецца важнай, канструктыўнай і своечасовай, што яна адпавядае духу часу і патрэбам усіх бакоў, іх краіны гатовы актыўна ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Вялікі інтарэс праявілі і дзелавыя колы гэтых краін.
- Як рэалізацыя планаў стварэння эканамічнага пояса Шаўковага шляху паўплывае на кітайска-беларускія адносіны?
- Я рады адзначыць, што ўсебаковае стратэгічнае партнёрства паміж КНР і Беларуссю дынамічна і ўстойліва развіваецца. У апошнія два гады праходзяць кантакты дзвюх краін на вышэйшым узроўні, бесперапынна паглыбляецца палітычнае ўзаемадзеянне. Двухбаковыя адносіны характарызуюцца новым узроўнем усебаковага, шматпрофільнага і шматпланавага супрацоўніцтва. Паводле статыстыкі беларускага боку, тавараабарот паміж нашымі краінамі за 2013 год дасягнуў $3,29 млрд, яго прырост у параўнанні з 2012 годам склаў 17,41 працэнта. І гэта на фоне стагнацыі сусветнай эканомікі! Мы рэалізавалі шэраг праектаў у такіх сферах, як гасцінічны бізнес, дарожнае будаўніцтва, камунікацыі, энергетыка, хімічная прамысловасць, аўтамабільнае будаўніцтва. Нямала праектаў ужо завяршылася, атрыманы пэўны эканамічны эфект. Дынамічна развіваюцца навукова-тэхнічнае і гуманітарнае супрацоўніцтва, актывізаваліся рэгіянальныя кантакты і абмены. Знаходзячыся на скрыжаванні Еўропы і Азіі, Беларусь мае выгадныя ўмовы для ўдзелу ў супрацоўніцтве з кітайскім бокам у фарміраванні эканамічнага пояса Шаўковага шляху. З апорай на рэалізацыю буйнейшага ў Беларусі сумеснага праекта - Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку - бакі змогуць выкарыстоўваць вялікі патэнцыял супрацоўніцтва ў сферы асваення новых і аднаўляльных энергарэсурсаў, высокіх тэхналогій, транзіту, аб'яднаць двухбаковае супрацоўніцтва з супрацоўніцтвам паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрасаюзам.
Мы маем поўную падставу верыць, што пры няўхільным асабістым клопаце, стымуляванні і падтрымцы кіраўнікоў нашых дзяржаў сумеснымі намаганнямі ўдасца адкрыць новую старонку Вялікага шаўковага шляху, стварыць супольнасці інтарэсаў, ажыццявіць мару ўзмацнення магутнасці дзяржавы і павышэння народнага дабрабыту.