16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер у далейшым удзельнічаць у Савеце міру і яго мерапрыемствах на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем Глазьевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я вельмі спадзяюся, што тыя мерапрыемствы, якія будуць праходзіць у далейшым... Мы абавязкова на ўзроўні Прэзідэнта будзем удзельнічаць у гэтым Савеце, абавязкова будзем удзельнічаць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Магчыма, не ў Вашынгтоне. Недзе ў Еўропе або на Блізкім Усходзе, можа, у Ізраілі, бліжэй тут, у Турцыі адбудуцца далейшыя пасяджэнні гэтага Савета. Мы будзем удзельнічаць у ім", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь традыцыйна трансліруе мірны парадак дня, заўсёды выступае за мірнае ўрэгуляванне канфліктаў, і ў дадзеным кантэксце яна гатова ўдзельнічаць у Савеце міру. "У нас флаг адзін - мір. Мы хочам міру, і перш за ўсё там, дзе наш лёс - Украіна, - заявіў Прэзідэнт. - Мы ўсе хочам там міру. І не толькі ва Украіне, але ў іншых кропках. Думаю, што нам будзе там дарэчы (знаходзіцца ў Савеце міру. - Заўвага БЕЛТА)".
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся наконт розных ілжывых версій, якія з'явіліся пасля таго, як стала вядома, што ён асабіста не будзе прымаць удзелу ў першай сустрэчы лідараў Савета міру ў Вашынгтоне. Краіну там прадставіць міністр замежных спраў.
Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу адзначыў лагістычныя цяжкасці, якія ўзніклі б у выпадку яго асабістага ўдзелу ў мерапрыемстве. Такіх цяжкасцей не было, напрыклад, у прадстаўнікоў сярэднеазіяцкіх рэспублік. "Так, яны паехалі ў Вашынгтон. Напэўна, ім больш зручна. А я што, павінен быў у сувязі з гэтымі санкцыямі праз Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку ляцець у Вашынгтон? - рытарычна спытаў Прэзідэнт. - Калі вы хацелі мяне там бачыць, вырашыце пытанне, каб я мог спакойна прыляцець і паляцець адтуль".
Гучала таксама версія, што асабістаму ўдзелу кіраўніка дзяржавы нібыта перашкодзілі пытанні бяспекі. "Ах, Лукашэнка пабаяўся, там пытанне бяспекі". Слухайце, гэта не да Лукашэнкі пытанне. Я ніколі не баяўся нікога і баяцца не збіраюся. Гэта поўнае глупства. "Вось, Лукашэнку там нехта схопіць і дадому не выпусцяць". Ну тупасць поўная. Я нават не ўяўляю, што магло такое здарыцца з любым іншым Прэзідэнтам ці са мной. Таму абмяркоўваць няма чаго", - сказаў наконт гэтага беларускі лідар.
Яшчэ адзін інфармацыйны ўкід - нібыта на рашэнне Прэзідэнта Беларусі паўплываў Прэзідэнт Расіі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на момант размовы з Уладзімірам Пуціным яшчэ нават не ведаў, што запрошаны на Савет міру. Аднак аўтары фэйку нават не змаглі гэтыя факты супаставіць. "І потым, Пуцін такі чалавек, што ён ніколі… Ён будзе акуратна нешта выбудоўваць, неяк намякаць. Але каб не пусціць... Ён наадварот сказаў бы: слухай, ты там будзеш на Савеце, перадай Дональду гэта, гэта, гэта. Гэта значыць, неяк прадставіць… Ну, не інтарэсы Расійскай Федэрацыі, як там Пяскоў гаварыў, што вось, нам не трэба, каб нехта прадстаўляў (і нават Беларусь) інтарэсы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён не выключыў, што ў будучым Расія далучыцца да Савета міру і зможа заняць там лідзіруючыя пазіцыі. Калі гэта структура пакажа пэўную рэзультатыўнасць. Тым больш што рана ці позна замест Дональда Трампа прыйдзе іншы Прэзідэнт і Злучаныя Штаты адмовяцца ад таго, каб быць вечным старшынёй у Савеце міру.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь не збіраецца адыходзіць ад раней прынятага рашэння па ўдзеле ў Савеце міру. "Мы сур'ёзна маем намер працаваць у Савеце міру. Вельмі сур'ёзна. Не лізаць кагосьці там, не падладжвацца пад некага, а займаць сваю пазіцыю, суверэнную пазіцыю", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, з'яўляючыся саюзнікамі Расіі, мы гатовы разам супрацоўнічаць па гэтай тэматыцы. "Зразумела, гэта пазіцыя - і Расіі, і Беларусі - будзе адзіная. Мы выпрацуем гэту пазіцыю, таму што ў нас аднолькавыя пункты гледжання", - растлумачыў Прэзідэнт.
Дзейнасць у Савеце міру - гэта адна з тэм маючых адбыцца перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. "Абавязкова гэта пытанне абмяркуем з Прэзідэнтам Пуціным. Магчыма, на Вышэйшым дзяржсавеце. Але потым у нас цэлыя суткі яшчэ перагаворы будуць з ім. Мы абавязкова закранём гэта пытанне. Мы супаставім нашы пазіцыі, нашы пункты гледжання. Можа, у мяне зменіцца ў нечым пазіцыя ў сувязі з аргументацыяй Уладзіміра Уладзіміравіча. Можа, ён ад мяне пачуе нешта новае для сябе. Але гэта пытанне мы абавязкова абмяркуем", - сказаў беларускі лідар.-0-
