Сцяг Панядзелак, 9 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
16 лютага 2026, 19:10

"Больш не трэба, менш нельга". Якія задачы на ​​Алімпійскіх гульнях будзе вырашаць фігурыстка Вікторыя Сафонава?

Вікторыя Сафонава. Фота прадастаўлена Беларускім саюзам канькабежцаў
Вікторыя Сафонава. Фота прадастаўлена Беларускім саюзам канькабежцаў
На Алімпіядзе-2026 у разгары асабісты алімпійскі турнір па фігурным катанні. У аўторак, 17 лютага, свае кароткія праграмы прадставяць дзяўчаты. Жаночае адзіночнае катанне не пакідае абыякавым. Выступаць на лёдзе Алімпійскіх гульняў 2026 года будзе і Вікторыя Сафонава - адзіная беларуская фігурыстка ў Мілане. Для спартсменкі гэта ўжо другія Алімпійскія гульні ў кар'еры. У 2022 годзе ў Пекіне яна была 13-й. За чатыры гады змянілася многае: сама спартсменка стала мацнейшай, яе праграмы - больш складаныя, а абстаноўка ў спорце - больш неспакойная.

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па фігурным катанні Алег Васільеў расказаў карэспандэнту БЕЛТА, што на Алімпійскіх гульнях у Мілане Вікторыі Сафонавай будзе складана ва ўсіх сэнсах. І растлумачыў, чаму гэта не высакапарныя словы, а аб'ектыўная рэальнасць.


Слізкі лёд і судзейскія вольнасці


Першая прычына, вядома, заключаецца ў тым, што беларускія і расійскія спартсмены ўжо чатыры гады як пазбаўлены магчымасці спаборнічаць у міжнародным пуле. Так, былі ўнутраныя і расійскія старты, але адсутнасць міжнароднага спаборніцкага вопыту для фігурыста - вялікая страта.

"У верасні на кваліфікацыйным турніры ў Кітаі мне было добра, таму што я сустрэўся са старымі знаёмымі, паразмаўляў з імі, вярнуўся на звычайны шлях міжнародных спаборніцтваў, а ў Вікторыі калені дрыжалі, і ў кароткай праграме яна ўпершыню за шмат гадоў дапусціла невялікую памылку, якая каштавала 4-5 балаў у падагульняючай ацэнцы. Гэта быў сігнал аб тым, што якая б моцная ні была нервовая сістэма спартсмена, адсутнасць рэгулярнага вопыту ўдзелу ў міжнародных стартах дае аб сабе знаць. Алімпійскія гульні - асаблівы старт, дзе ў адной кропцы сыходзіцца ўсё магчымае, і ў многіх нервовая сістэма проста не вытрымлівае. На Алімпіядзе складана ўсім. А тым, хто быў адхілены, ў дзясяткі разоў складаней", - тлумачыць Алег Васільеў.

Другая складанасць, з якой давядзецца сутыкнуцца, звязана з асаблівасцямі судзейства фігурнага катання. Вікторыя Сафонава і Адэлія Петрасян - нейтральныя атлеты з Беларусі і Расіі - будуць выступаць пад першым і другім нумарамі з 30 удзельніц спаборніцтваў.

"У фігурным катанні ацэнка складаецца з двух фактараў: аб'ектыўная ацэнка (вартасць элементаў) і суб'ектыўная ацэнка (якасць выканання элементаў і ацэнка за кампаненты). Атрымліваецца, што ў ацэнцы за праграму 30-35 працэнтаў аб'ектыўнасці і 65-70 працэнтаў суб'ектыўнасці. Кожны суддзя, як бы пазітыўна ён ні быў настроены да спартсменкі, ацэньваючы першыя нумары, пакідае запас для наступных 29 спартсменак. Адпаведна ўсе суб'ектыўныя ацэнкі суддзяў будуць сціплымі. Гэта судзейская вольнасць іграе супраць нас, таму што ні разу не было выпадку, каб спартсмен, які выступае ў пачатку, атрымліваў максімальную ацэнку. Ён заўсёды атрымлівае крыху меншую, таму што суддзя пакідае сабе своеасаблівы псіхалагічны зазор", - тлумачыць Алег Васільеў.

Сітуацыя заведама выглядае сумнай і нават крыху безнадзейнай. Але галоўны трэнер зборнай сцвярджае, што і з гэтым можна справіцца: "Як гаварыў мне мой трэнер і як я заўсёды гавару сваім спартменам, трэба быць на галаву, а лепш - на дзве галавы вышэй за сапернікаў. Лёд слізкі, на Алімпійскіх гульнях усе нервуюцца. І трэба зрабіць свой максімум, каб не было за што сябе дакараць. У Вікторыі стаіць канкрэтная задача - быць максімальна сабранай і паказаць той максімум, на які яна здольна. Больш не трэба, менш нельга. Нічога іншага не застаецца".

Стабільнасць і прыгожае жаночае катанне


На карысць Вікторыі павінен адыграць і вопыт удзелу ў Алімпійскіх гульнях. Няхай у 2022 годзе з-за шматлікіх кавідных абмежаванняў Алімпіяда ў Пекіне мала была падобна на маштабнае свята спорту, вопыт выступлення на самым важным і адказным старце спартсменка атрымала. І гэта, безумоўна, плюс.

Алег Васільеў называе перавагай Вікторыі стабільнасць - фігурыстка практычна заўсёды бездакорна выконвае тое, што яна ўмее. Таму ў Мілане ёй трэба будзе максімальна выкарыстаць свае перавагі і максімальна пазбягаць недахопаў там, дзе гэта магчыма.

У дапамогу Вікторыі і ўзрост. Ёй 22 гады, і гэта час росквіту для фігурысткі. З сезона 2024/25 Міжнародны саюз канькабежцаў падняў узроставы цэнз для ўдзелу ў сваіх турнірах з 15 да 17 гадоў. Паводле слоў Алега Васільева, жаночаму адзіночнаму катанню гэта пайшло выключна на карысць. "Раней зусім юныя дзяўчынкі бралі тэхнікай, яны маглі бясстрашна выконваць чацвярныя скачкі, уражвалі складанасцю. Але не было прыгожага жаночага катання, якое прываблівала б гледачоў. На нашых унутраных стартах цэнз не дзейнічае, і на чэмпіянаце краіны перамагла Вікторыя, а другой была 13-гадовая Варвара Стаховіч. 22 гады і 13 гадоў - розніца ў цэлае спартыўнае пакаленне, гэта зусім розныя спартсменкі і па характары, і па прэзентацыі сваіх праграм. Пасля ўвядзення ўзроставага цэнзу мы бачым катанне дарослых дзяўчат, якія ведаюць сабе цану, могуць сябе падаць і прыкаваць да экранаў тэлегледачоў. Вікторыя менавіта такая дзяўчына. Яна на роўных выступае сярод саперніц, якія прайшлі праз пубертат, сфарміраваліся як асобы і якія, калі будзе дазваляць здароўе, змогуць выступаць і перамагаць некалькі гадоў", - тлумачыць спецыяліст.

Без права на памылку


Бягучы сезон у Вікторыі Сафонавай атрымаўся вельмі паспяховым. У верасні на кваліфікацыйным турніры ў Пекіне стала чацвёртай. У снежні заняла другое месца на Кубку мацнейшых спартсменаў у Мінску. У студзені выйграла чэмпіянат краіны. Пры гэтым у графіцы спартсменкі, акрамя напружанай работы на катку і ў трэнажорнай зале, ёсць магчымасць і для перадышкі. Алег Васільеў сцвярджае, што паўзы ў рабоце абавязковыя ў перыяд падрыхтоўкі да важных стартаў. Вікторыя Сафонава зрабіла невялікі перапынак адразу пасля снежаньскага Кубка мацнейшых.

"Паўзы патрэбны, таму што ў фігурным катанні вельмі доўгі сезон - з верасня па сакавік. Больш за шэсць месяцаў актыўных выступленняў па некалькі разоў у месяц. Кожны старт - гэта стрэс, таму што ў фігурыстаў заўсёды адна спроба і няма права на памылку. Усё роўна, якога ўзроўню ты спартсмен, - у цябе ўсяго адна спроба і слізкі лёд. Алімпійскія гульні - наогул адна спроба на чатыры гады. І таму важна было даць Вікторыі перадышку, каб скінуць напружанне, якое нарастала ўвесь сезон. Перапынак невялікі - 5-6 дзён. За гэты час спартсмен перазагружаецца псіхалагічна і пры гэтым не страчвае фізічнай формы. Перад Алімпійскімі гульнямі для Вікторыі гэта было вельмі патрэбна", - раскрывае сакрэт падрыхтоўкі галоўны трэнер нацыянальнай зборнай.

Не скрывае Алег Васільеў і задачу, якую ставіць Сафонавай і яе трэнерам на Алімпійскіх гульнях - увайсці ў дзясятку. Паводле яго слоў, гэта магчыма, калі ўсё складзецца добра і Вікторыя выканае тое, што можа. Аднак і тут ёсць злашчаснае "але", дадае Алег Васільеў. "Мы не ведаем, як Вікторыю прымуць. Напрыклад, у Кітаі на ліцэнзійным турніры кароткую праграму судзілі вельмі строга, адвольную - мякчэй. Што будзе ў Мілане - убачым. Праблема ў тым, што суддзі не ведаюць Вікторыю, у іх не было магчымасці пазнаёміцца. Яна пачала актыўна выступаць у 2019 годзе, потым здарыўся кавід і адмена спаборніцтваў. У 2021 годзе прыехала на чэмпіянат свету для кваліфікацыі на Алімпійскія гульні 2022 і здала станоўчы тэст на каранавірус - правяла чэмпіянат у гасцінічным нумары. Таму, нягледзячы на ўвесь свой вопыт, яна будзе выступаць як навічок - без гісторыі перамог і паражэнняў. Але шанцы ўвайсці ў дзясятку даволі рэальныя. Будзе складана, але простых задач мы не ставім", - рэзюмаваў ён.

Валерыя СЦЯЦКО,
фота Беларускага саюза канькабежцаў,
БЕЛТА.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі