Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
09 лютага 2016, 10:06
Леанід Мальцаў

Ці ёсць будучае ў малога прыгранічнага руху ў Беларусі

Леанід Мальцаў

Абстаноўка ў свеце вымушае жадаць лепшага: узброеныя канфлікты, якія не спыняюцца, правакуюць міграцыйныя крызісы, рост наркатрафіка і кантрабанды. На гэтым фоне злачынцы ўсё часцей правяраюць беларускія граніцы на трываласць. У той жа час у Дзяржпагранкамітэце пастаянна працуюць над тым, каб зрабіць перасячэнне граніцы простым і зручным для законапаслухмяных грамадзян, паступова ўкараняючы новыя тэхналогіі і ўдасканальваючы пункты пропуску. Карэспандэнт БЕЛТА даведаўся ў старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Леаніда Мальцава, якая абстаноўка складваецца цяпер на беларускіх рубяжах і як пагранічнікам у гэтых умовах удаецца з аптымізмам глядзець у будучае.

- Леанід Сямёнавіч, якія вынікі 2015 года ў пагранічнікаў?

- Мы ўпэўнена справіліся з усімі задачамі, пастаўленымі Прэзідэнтам па забеспячэнні пагранічнай бяспекі на 2015 год. Што датычыцца асноўных вынікаў, то пагранічная служба ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі органамі краіны і ў супрацоўніцтве з калегамі з сумежных дзяржаў не дапусціла развіцця негатыўных міграцыйных працэсаў на нашай граніцы.

Сарваны намеры трансгранічных крымінальных структур сфарміраваць маштабныя абходныя каналы незаконнай транзітнай міграцыі праз беларуска-літоўскі і беларуска-латвійскі ўчасткі граніцы.

Аператыўнымі органамі пагранічнай службы перакрыты 44 транзітныя каналы незаконнай міграцыі, што ў 2 разы больш, чым у папярэднім годзе. Затрыманы 79 арганізатараў і саўдзельнікаў нелегальных перакідванняў людзей на Захад, у той час як у 2014 годзе іх было 30.

За парушэнне пагранічнага заканадаўства прыцягнута да адказнасці больш як 8 тыс. асоб, пры гэтым кожны дзясяты - у якасці парушальніка граніцы.

Колькасць спроб парушэння граніцы ўзрасла ў паўтара раза. Асабліва актыўнай была незаконная транзітная міграцыя ў краіны ЕС выхадцаў з постсавецкіх дзяржаў і краін Азіі.

Найбольш напружаная міграцыйная абстаноўка складвалася на літоўскім і латвійскім напрамках.

На высокім узроўні падтрымлівалася работа з транзітнымі патокамі людзей, транспарту і грузаў. Усяго за 2015 год праз граніцу прапушчана 22,8 млн чалавек і больш як 7 млн адзінак транспарту. Увогуле пасажырапаток скараціўся на 9,3 працэнта, а транспартны паток - на 12,9 працэнта. У гэтым свае аб'ектыўныя прычыны: санкцыйнае процістаянне ЕС і Расіі, а таксама складаныя расійска-ўкраінскія адносіны.

На граніцы канфіскавана 58 адзінак зброі, 3,5 тыс. боепрыпасаў, амаль 45 кг наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. Спынена незаконнае перамяшчэнне праз граніцу матэрыяльных каштоўнасцей на суму звыш Br57 млрд.

- Як бы вы ацанілі цяперашнюю сітуацыю вакол нашых рубяжоў?

- Узброены канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны, грамадзянскія войны на Блізкім Усходзе і справакаваны імі міграцыйны крызіс у Еўрасаюзе - крыніцы з'яўлення новых небяспек на граніцы, з якімі мы ніколі раней на сутыкаліся.

Дзяржаўная пагранічная палітыка сёння, як ніколі, павінна быць узважанай, рацыянальнай і дальнабачнай.

Меры, прынятыя на паўднёвым напрамку, былі своечасовыя. Беларусь, дзейнічаючы на папярэджанне, змагла забяспечыць неабходныя ўмовы бяспекі па ўсёй лініі граніцы.

Менавіта з гэтым была звязана такая высокая дынаміка працэсаў умацавання граніцы, аснашчэння пагранічных падраздзяленняў найноўшай тэхнікай і абсталяваннем. Намі праведзена каласальная работа, каб граніца краіны адпавядала сучасным патрабаванням пагранічнай бяспекі і была здольна эфектыўна адбіць любыя пагрозы нацыянальнай бяспецы з усіх напрамкаў.

- Гаворачы аб умацаванні паўднёвых рубяжоў, на чым можна зрабіць асноўны акцэнт?

- У першую чаргу, значна павялічана шчыльнасць аховы граніцы з Украінай. Мы разгарнулі на гэтым участку новую пагранічную часць у Мазыры, а таксама лінейныя і мабільныя падраздзяленні, якія непасрэдна ахоўваюць граніцу. Уся рэарганізацыя праведзена за кошт унутраных рэзерваў. Яны аснашчаны сучаснай тэхнікай і абсталяваннем. Прыярытэт аддадзены айчынным узорам. На заставы ўжо закуплены і пастаўлены найноўшыя поўнапрывадныя аўтамабілі, вырабленыя на Мінскім заводзе колавых цягачоў.

Там жа цяпер актыўна ўкараняюцца новыя метады аховы граніцы з прымяненнем беспілотнай авіяцыі і аўтажыраў. Створана ўся неабходная пагранічная інфраструктура, якая адпавядае сучасным патрабаванням, уключаючы казармы, аўтапаркі, адміністрацыйныя будынкі, службовае жыллё, склады.

Адначасова ажыццяўлялася інжынернае ўладкаванне па ўсёй лініі граніцы. Гэта і сігналізацыйныя комплексы з інтэлектуальнымі сістэмамі датчыкаў і відэанагляду, і кантрольна-следавая паласа, і пад'язныя дарогі, масты, і многае іншае, што садзейнічае стварэнню дастатковых умоў для эфектыўнай аховы граніцы.

Для ўзмацнення аховы граніцы на выпадак узнікнення небяспекі паспяхова адпрацаваны ўсе неабходныя мерапрыемствы па прымяненні падраздзяленняў унутраных войскаў МУС, Узброеных Сіл, што паступілі ў часовае карыстанне, уключаючы мабільныя рэсурсы тэрытарыяльнай абароны.

Нямала зроблена і ў пунктах пропуску. Зменены алгарытм пагранічнага кантролю і рэжымаў перасячэння граніцы з улікам спецыфікі і выяўленых тэндэнцый у сістэме патрабаванняў бяспекі. Значна павялічаны магчымасці аўтаматызаваных сістэм пагранічнага кантролю.

Мы зыходзім з прынцыпу, што ў пытаннях пагранічнай бяспекі дробязей не існуе. Цяпер гэта абсталяваны і цалкам прыкрыты ад пагроз участак граніцы, як з аператыўнага, так і вайсковага пунктаў гледжання.

Усе гэтыя пазіцыі поўнасцю ўпісваюцца і ў новую Ваенную дактрыну краіны, адобраную Саветам Бяспекі Беларусі.

З нашага боку строга па плане ідзе і дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай граніцы. У Брэсцкім і Маларыцкім раёнах ужо абазначана 112 км граніцы з устаноўкай 414 пагранічных знакаў.

- Пасля пэўнага зацішша апошнім часам зноў усплыла тэма неадкрытага малога прыгранічнага руху з Польшчай і Літвой. Суседнія дзяржавы падаюць гэта як спрашчэнне перасячэння граніцы. Чаму Беларусь узяла тут паўзу?

- Аляксандр Лукашэнка пры зацвярджэнні Рашэння на ахову Дзяржаўнай граніцы адназначна сказаў, што спрашчэнне спрашчэннем, а нацыянальныя інтарэсы трэба захоўваць у першую чаргу.

Таму праблема не ў малым прыгранічным руху (МПР). Даказвае гэта і практыка з Латвіяй. Пытанне ў існуючым узроўні і магчымасцях пунктаў пропуску. І калі яго не вырашыць, то мы рызыкуем загубіць чэргамі гэту справу. У гэтым выпадку пагранічная служба Беларусі не можа гарантаваць бесперабойнасць і зручнасць спрошчанага перасячэння граніцы ў аб'ёмах, якія, паводле нашых разлікаў, у выпадку адкрыцця МПР могуць вырасці ў разы.

Імкненне падрыхтаваць належным чынам пагранічную інфраструктуру, здольную паўнацэнна абслугоўваць МПР, поўнасцю адпавядае і інтарэсам грамадзян, і стабільнай рабоце пунктаў пропуску.

З нашага боку гэта проста адказны падыход. І шукаць тут нейкія іншыя сэнсы не трэба.

- Але ж апаненты такога адказнага падыходу нават даследаванне правялі і апялююць да яго... З гэтым што?

- У прынцыпе, калі на гарызонце з'яўляецца эксперт у галіне МПР, значыць, гэта камусьці выгадна. На жаль, на парадку дня ў такіх экспертаў толькі адно пытанне: "Калі адкрыюць?".

Як гэта будзе працаваць, для іх, як правіла, няважна. Яны ж проста эксперты, у іх проста такі погляд на сітуацыю. І адказнасці ў іх таксама ніякай. А нам так нельга. Паколькі людзі, убачыўшы бясконцую чаргу перад пунктам пропуску, наўрад ці ўспомняць нейкае даследаванне. У першую чаргу ў пагранічнікаў спытаюць, аб чым вы думалі, калі прымалі рашэнне, чаму не падрыхтаваліся. І правільна зробяць, таму што мы, і ніхто іншы, адказваем перад людзьмі за сваю работу на граніцы.

- Хочаце сказаць, што розныя даследаванні па малым прыгранічным руху могуць быць заказнымі?

- Матэрыял BISS (Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў), прэзентаваны як даследаванне МПР, даказвае, што нашы падыходы больш правільныя, чым вывады саміх аўтараў. Відаць, спрабуючы надаць значнасць свайму тварэнню, яны акцэнтавалі ўвагу на тым, што выканана яно на заказ Фінскага інстытута міжнародных адносін.

І там жа самі пішуць, што Фінляндыя лічыць бескарысным МПР з Расіяй, таму што адсутнічаюць сямейныя сувязі праз граніцу, а існуючая ў рамках Шэнгена гібкая візавая палітыка і без МПР дазваляе дзвюм краінам даволі паспяхова спраўляцца з кіраваннем трансгранічнымі патокамі. Хочацца толькі спытаць: у чым тут інтарэс Фінляндыі?

Не менш паказальная ў даследаванні і пазіцыя Эстоніі. Там адзначана, што ўвядзенне сістэмы МПР непрапарцыянальна затратнае з-за патрабуемай рэканструкцыі пунктаў пропуску, інфраструктура якіх і без таго не можа гарантаваць бесперабойнае і хуткае абслугоўванне. Атрымліваецца, што там таксама глядзяць на МПР праз прызму стварэння адэкватнай абстаноўкі пагранічнай інфраструктуры.

На гэтым як бы рацыянальнае зерне ў даследаванні заканчваецца.

А далей усё прысвечана таму, як усе дзеючыя МПР, за выключэннем Беларусь - Латвія, праігнаравалі факт адсутнасці падрыхтаванай для гэтага інфраструктуры пунктаў пропуску і ператварылі малы прыгранічны рух у вялікую прыгранічную чаргу.

Так, сама практыка не супярэчыць гэтаму даследаванню. Напрыклад, толькі на напрамках дзеючых МПР Польшча - Украіна і Польшча - Расія ў апошнія навагоднія канікулы чэргі перад пунктамі пропуску разрасталіся да 500 машын, інфармацыя аб якіх дала самыя высокія рэйтынгі ў СМІ.

Ёсць падстава сур'ёзна задумацца, ці не так?

- Але Беларусь падпісала ўжо адпаведныя пагадненні. А цяпер што, назад адыгрываем?

- Беларусь, падпісаўшы пагадненне аб МПР з Польшчай, Літвой і Латвіяй, такім чынам падтрымала саму ідэю і выказала гатоўнасць працаваць у гэтых фарматах.

Мы паспяхова апрабавалі самы даступны варыянт - з Латвіяй. Прыгледзеліся, як дзейнічаюць МПР на больш інтэнсіўных напрамках, і, ацаніўшы рэальную абстаноўку ў суседзяў, прыйшлі да высновы, што без неабходнай падрыхтоўкі карысці ад такога спрашчэння не будзе.

А каб было больш зразумела, проста прывяду афіцыйныя даныя польскіх пагранічнікаў па МПР з Украінай. Там паток грамадзян у рамках МПР пастаянна расце на 20-30 працэнтаў у год і ўжо складае палавіну ад агульнага руху. Ён у два разы перавышае нават наш цяперашні агульны паток перасячэнняў у Польшчу. А гэта ўжо даказвае, што нагрузка на нашы пункты пропуску пры МПР павялічыцца вельмі адчувальна.

І, калі мы без падрыхтоўкі адкрыем МПР з Польшчай, то будзе катастрофа. Мы ж проста паралізуем усю граніцу. І ў чым тады сэнс такога руху?

Як пагранічная служба мы не можам рабіць выгляд, што гэтыя тэхнічныя нюансы не маюць ніякага значэння. Пазіцыя Дзяржпагранкамітэта сфарміравана на вопыце ўжо дзеючых практык. Таму, перш чым адкрываць МПР, неабходна вырашыць усе праблемы, якія перашкаджаюць яго нармальнаму функцыянаванню.

- Пазіцыя зразумелая. А што-небудзь ужо робіцца ў гэтым напрамку?

- Мы пачалі ўжо практычныя дзеянні, накіраваныя на стварэнне неабходных умоў для адкрыцця МПР. Нядаўна завершаны сумесны з літоўскім бокам эксперымент па пераводзе пункта пропуску "Лоша" са статусу спрошчанага ў міжнародны. Вынікі паказваюць, што гэта значна зніжае нагрузку на пункты пропуску "Каменны Лог" і "Катлоўка". Значыць, нашы прапановы, зробленыя ў гэтым напрамку, яшчэ пяць гадоў таму былі дальнабачнымі і апраўданымі.

На чарзе яшчэ некалькі такіх пунктаў спрошчанага пропуску. У цэлым гэта накіравана на павелічэнне прапускных магчымасцей граніцы, у чым зацікаўлены і мы, і літоўскі бок.

Як дадатковую магчымасць для МПР можна разглядаць і сістэму "Электроннай чаргі". Па гэтым праекце ёсць адпаведныя ўказ Прэзідэнта і пастанова ўрада. Пастаўлены задачы, вызначаны дакладныя тэрміны ўводу. Работа ідзе поўным ходам.

Мы маем намер вырашыць праблемы скопішча машын на дарогах перад пунктамі пропуску, зняць тым самым сацыяльнае напружанне і аблегчыць працэдуру перасячэння граніцы. Галоўная мэта - гэта ўпарадкаванне патокаў.

Там таксама прадугледжана актуальная сёння магчымасць зарэзерваваць час уезду ў пункт пропуску. Нагадаю, што гэта паслуга браніравання будзе платная, а вось рэгістрацыя ў сістэме і перасячэнне граніцы - бясплатныя.

- Ведаю, што актыўна вядуцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы па ўкараненні "электронных варот". Наколькі актуальна ўкараненне такіх тэхналогій?

- "Электронныя вароты" - гэта найноўшыя тэхналогіі пагранічнага кантролю без пагранічнікаў. Сістэма ўяўляе сабой спецыяльны кіёск біяметрычнай ідэнтыфікацыі асобы. Ён аўтаматычна правярае сапраўднасць пашпарта і звярае фота пасажыра з базы з выявай, якую робіць камера ўстройства.

У мінулым годзе ўдачна завершаны эксперымент у Нацыянальным аэрапорце Мінск. За месяц работы праз гэта абсталяванне прайшлі амаль 4 тыс. пасажыраў.

У цэлым эксперымент пацвердзіў працаздольнасць прынцыпу "электронных варот", а таксама магчымасць яго ўзаемадзеяння з аўтаматызаванай сістэмай пагранічнага кантролю, што функцыянуе на граніцы.

Такі прынцып сёння ўжо дзейнічае ў многіх сусветных аэрапортах. Гэта дае магчымасць не толькі значна спрасціць працэс пашпартнага кантролю і паскорыць перасячэнне граніцы з выкарыстаннем "электронных варот", але і павысіць узровень бяспекі. Ёсць перспектывы іх прымянення і ў найбольш загружаных аўтадарожных пунктах пропуску.

Далей замацуем нарматыўна і будзем укараняць.

Яшчэ адзін важны эксперымент па адмене кантрольных талонаў паспяхова завяршыўся ў шасці пунктах пропуску. Ужо дапрацаваны інфармацыйныя сістэмы і праграмнае забеспячэнне. Цяпер без кантрольных талонаў можна перасячы граніцу ў пунктах пропуску "Беняконі", "Дамачава" і "Казловічы". У далейшым, сумесна з зацікаўленымі ведамствамі мы прымем канчатковае рашэнне аб парадку замены кантрольных талонаў аўтаматызаванай сістэмай ва ўсіх аўтадарожных пунктах пропуску.

Як бачыце, нашы дзеянні маюць чыста прыкладны характар. Вядзецца актыўная работа над тым, каб перасякаць граніцу людзям было больш зручна і бяспечна.

Міхаіл МАЦІЕЎСКІ,

БЕЛТА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі