Каб змяніць гульню, мне спатрэбіліся два сэты. Так пракаменціраваў гульню вядучы беларускі тэнісіст Уладзімір Самсонаў, які прайграў матч за трэцяе месца на алімпійскім турніры па настольным тэнісе японцу Дзюну Мізутані (1:4), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мне спатрэбіліся два сэты, каб увесці змяненні ў гульню. Паколькі разумеў, нягледзячы на траўму (пашкоджанне рэбраў. - Заўвага БЕЛТА), калі буду прадаўжаць у тым жа стылі, то не выйграю. Добра, што ўдалося ўнесці змяненні, у чацвёртым сэце мог зраўнаваць лік па партыях, у мяне было некалькі сэтболаў, але застаецца толькі развесці рукамі. На жаль, у маёй калекцыі няма алімпійскага медаля, але жыццё прадаўжаецца", - расказаў Уладзімір Самсонаў.
Беларускі тэнісіст, якому ў гэтым годзе споўнілася 40 гадоў, прызнаў, што матчы алімпійскага турніру па настольным тэнісе ў Рыа былі аднымі з самых важных у яго кар'еры. "Сёння адбыліся дзве такія гульні. Каб выйграць медаль, трэба было перамагаць у 1/2 фіналу кітайца або ў матчы за бронзу японца. Аднак не ведаў, чаго чакаць ад самога сябе, паколькі атрымаў траўму два дні таму і не меў уяўлення, што адбудзецца ў час гульні. Упэўнены быў у адным - буду змагацца за кожны мяч", - адзначыў тэнісіст.
Легенда сусветнага настольнага тэніса таксама ўхіляецца ад канкрэтнага адказу, ці будзе ён рыхтавацца да наступных летніх Гульняў у Токіа. "Дакладна нічога не магу сказаць, да наступнай Алімпіяды чатыры гады, гэта даволі шмат часу для мяне", - сказаў ён.