Неглюбская тэкстыльная традыцыя - унікальная з'ява беларускай народнай
творчасці, уключана ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.Непаўторныя творы мясцовых майстрых шырока вядомы з XVIII стагоддзя. Для стварэння ручнікоў, адзення, абрусаў і іншых прадметаў інтэр'ера выкарыстоўваюцца разнастайныя тэхнікі ткацтва і вышыўкі.
Неглюбскія ручнікі - візітная картка Веткаўскага раёна. Традыцыйна выконваюцца ў бела-чырвона-чорнай гаме. Маюць складаную паліхромію (да 25 адценняў у адным вырабе). На ручніках звыш 120 узораў, найстарэйшым з якіх больш за тысячу гадоў.
Ручнікі суправаджаюць усё жыццё чалавека. Ва ўзорах зашыфраваны пажаданні ўладальніку: дабра, любові, дастатку, удачы, ураджаю, здаровага патомства і іншыя.
Сярод геаметрычных і раслінных арнаментаў - "крывулі", "кучараўка", "павукі", "мядзведзь на жалудах", "рэдзька", "яблынька".
Ручнікі ткуцца са сподняга боку. Не бывае двух аднолькавых вырабаў, камбінацыі ўзораў практычна ніколі не паўтараюцца.
Неглюбскі касцюм - адзін з самых архаічных і складаных у беларускім народным адзенні.
У ім спалучаюцца белая арнаментаваная кашуля, панёва-плахта ў дробную клетку, суконны фартух, нагрудны фартух ("запінка"), шырокі чырвоны пояс і ўзорыстая хустка.
Традыцыйнае майстэрства перадаецца з пакалення ў пакаленне.
Крыніцы: Міністэрства культуры, адкрытыя крыніцы.
