Фота з архіва
5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана трэба падштурхнуць і паскорыць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Мажыліса Парламента Казахстана Ерланам Кашанавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў абедзвюх краінах развіццём сувязей паміж рэгіёнамі займаюцца ў тым ліку парламентарыі. Больш таго, Беларусь і Казахстан вядуць падрыхтоўку да правядзення тэматычнага форуму па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падтрымаў гэту ідэю і звярнуў увагу, што вопыт правядзення аналагічных форумаў ёсць у Беларусі з Расіяй і ў Казахстана з Расіяй. Паводле яго слоў, гэта неабходна, каб падштурхнуць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва.
Прэзідэнт таксама прапанаваў больш актыўна прыцягваць кіраўнікоў мясцовай вертыкалі абедзвюх краін для актывізацыі сувязей на ўзроўні рэгіёнаў. "Паўнамоцтвы і ў нас, і ў вас губернатары маюць вялікія. Трэба іх уплятаць у гэты працэс", - сказаў ён.
"Губернатары ў вас і ў нас - гэта цэнтральныя фігуры. Як ні круці, ад іх многае залежыць, асабліва ў вас пры такой велізарнай тэрыторыі. Таму трэба нам гэты працэс неяк паскорыць, развіваць і не баяцца, што гэта сярэдзіна пачала супрацоўнічаць. Тады і нам лягчэй будзе", - прадоўжыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Ерлан Кашанаў, які працаваў раней на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Казахстана і займаўся ў тым ліку пытаннямі кадравай палітыкі, ведае, як адбываецца размеркаванне паўнамоцтваў і ўзмацненне адказнасці кіраўніцтва на месцах. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што і ў Беларусі старшыням аблвыканкамаў прадастаўлена дастаткова паўнамоцтваў, каб яны развівалі міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. "Мы больш нагружаем губернатараў. Няхай яны (з калегамі з іншых краін. - Заўвага БЕЛТА) і супрацоўнічаюць. З Расіяй пакуль, з Казахстанам. Гэта міжрэгіянальнае супрацоўніцтва дае добры вынік", - сказаў Прэзідэнт.
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка згадаў былы вопыт арганізацыі і правядзення Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. "Народ памятае, калі мы сабраліся ва Украіне - губернатары нашы, іх - і намецілі шляхі супрацоўніцтва. Не ўсё атрымалася, таму што пачалася гэта вакханалія ва Украіне, але мы нямала зрабілі за гэты час", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.-0-
