ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 24 верасня 2021
Мінск Воблачна з праясненнямі +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 жніўня 2021, 16:17

Галоўчанка: пры распрацоўцы стратэгій развіцця прадпрыемстваў трэба абапірацца на існуючыя рэаліі

Раман Галоўчанка ў час наведвання прадпрыемства
Раман Галоўчанка ў час наведвання прадпрыемства

4 жніўня, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Пры распрацоўцы стратэгій развіцця прадпрыемстваў неабходна абапірацца на існуючыя рэаліі. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка падчас наведвання ААТ "Белшына", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы прынялі рашэнне аб тым, што неабходна распрацаваць стратэгію развіцця "Белшыны" яшчэ ў кастрычніку. І за гэты час праведзена вялікая работа. Мы вырашылі сур'ёзна падысці да гэтага пытання: нанялі адну з найбуйнейшых сусветных кансалтынгавых кампаній, якія маюць кампетэнцыі менавіта ў гэтым сектары прамысловасці і гэтым бізнесе. Увесь гэты час каманда разам з прадстаўнікамі прадпрыемства распрацоўвала стратэгію. Таму што інакш выйсці з даволі няпростага фінансавага стану, у які трапіла "Белшына" ў выніку шэрага прычын, напэўна, немагчыма, - адзначыў Раман Галоўчанка. - Калі і рабіць гэта, то правільна і па-навуковаму. Мы не проста разлічваем на экспертызу, а глыбока прапусцілі яе праз рэаліі прадпрыемства. І сёння ў цэлым стратэгія была адобрана. Гэта той шлях, які дасць магчымасць планава будаваць работу на пяцігадовым гарызонце праз рэалізацыю шэрага кіраўніцкіх рашэнняў, якія будуць пранізваць усю сферу: ад планавання вытворчасці да маркетынгу і збыту. Таму мы думаем, што гэта менавіта тое рашэнне, якое ў сукупнасці з іншымі мерамі дзяржаўнай падтрымкі дапаможа вырашыць галоўную праблему прадпрыемства - зніжэнне даўгавой нагрузкі і забеспячэнне выхаду на максімальную вытворчую магутнасць пасля рэалізаваных інвестпраектаў".

Такая работа вядзецца і на іншых прадпрыемствах. "Менавіта на "Белшыне" мы вырашылі пайсці па міжнародна прызнаным шляху - сфарміравалі стратэгію і дамовіліся, што арганізуем кантроль за ходам. Абмяркоўвалі сёння, як арганізаваць маніторынг за выкананнем індыкатараў, каб кожны на сваім месцы разумеў, якіх мэт ён павінен дасягнуць, - падкрэсліў Раман Галоўчанка. - У цэлым дзяржпадтрымка па ўсіх прадпрыемствах краіны будзе зніжацца. Гэта інструмент, які дзяржава будзе прымяняць не як сістэмную меру, а як дапамогу для тых, хто трапіў у цяжкую сітуацыю, напрыклад з-за змяненняў на рынку: рэзка вырас кошт сыравіны, кан'юнктура і гэтак далей. Адносна "Белшыны" размова не ідзе аб новай дзяржпадтрымцы ў выглядзе якіх-небудзь фінансавых уліванняў. Мы дамовіліся, што пад рэалізацыю стратэгіі разгледзім магчымасць частковай рэструктурызацыі завінавачанасці і прымянення больш ільготных умоў для яе пагашэння. Але яна будзе жорстка ўвязана з рэалізацый тых мерапрыемстваў, якія прапісаны ў стратэгіі. Даўгавая нагрузка "Белшыны" даволі вялікая, як перад бюджэтам, так і камерцыйнымі банкамі. Мы будзем працаваць над комплексным рашэннем, якім чынам аблягчыць крэдытную нагрузку, што прадпрыемства можа інвесціраваць у абаротныя сродкі і завяршэнне рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Усё гэта неабходна для таго, каб "Белшына" магла расплаціцца з даўгамі".

Раман Галоўчанка таксама адзначыў, што на мінулым тыдні кіраўнік дзяржавы зацвердзіў праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця. Адны з важных паказчыкаў - рост ВУП і заработнай платы.

"Такія тэмпы могуць быць дасягнуты пры максімальнай загружанасці магутнасцей прадпрыемстваў і збыце прадукцыі. Машынабудаванне, апрацоўчая прамысловасць, дрэваапрацоўка, будаўнічыя матэрыялы - усе гэтыя сферы эканомікі развіваюцца даволі інтэнсіўна за кошт росту ўнутранага попыту. Што датычыцца рэальнага сектара эканомікі, тут пытанне ў тым, каб дабіцца аддачы ад тых інвестпраектаў, якія былі рэалізаваны ў мінулую пяцігодку. Неабходна прадаўжаць укладваць у тыя аб'екты, якія патрабуюць мадэрнізацыі, - падкрэсліў прэм'ер-міністр. - На прыкладзе "Белшыны" мы павінны дабіцца таго, каб кожны год пяцігодкі прадпрыемства дабаўляла ў выручцы па Br150-200 млн. Гэта дасць магчымасць яму спакойна рэалізоўваць усе запланаваныя мерапрыемствы".

Прэм'ер-міністр таксама азнаёміўся з ходам рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў, якія вядуцца цяпер на бабруйскім прадпрыемстве, і з вытворчым цыклам.

У 2020-2025 гадах у ААТ "Белшына" рэалізуецца некалькі буйных інвестпраектаў. Усе яны накіраваны на тэхнічнае пераўзбраенне прадпрыемства. Адзін з такіх праектаў - "Галоўны корпус завода буйнагабарытных шын. Стварэнне вытворчасці ЦМК шын радыяльнай канструкцыі з пасадачным дыяметрам 25-29 дзюймаў". Яшчэ адзін - "Асваенне вытворчасці ЦМК шын радыяльнай канструкцыі з пасадачным дыяметрам 57-63 дзюймы з рэканструкцыяй падрыхтоўчага цэха". Тут ужо ідзе другая чарга праекта.

Як расказаў галоўны інжынер завода буйнагабарытных шын Васіль Куніцкі, 28 ліпеня на заводзе быў запушчаны новы прэс 117 дзюймаў. "Сумесна з прадстаўнікамі кампаніі-вытворцы мы правялі выпрабаванні 10 мадэлей шын і 10 шыракапрофільных прэсформ. Гэтыя работы вяліся на прадпрыемстве на працягу месяца, - адзначыў ён. - У далейшым плануем паставіць яшчэ 16 прэсаў 117 дзюймаў. З гэтага па сутнасці пачалася мадэрнізацыя цэха вулканізацыі галоўнага корпуса завода БГШ. У верасні плануем паставіць дадатковае абсталяванне. Каб бачыць унутраныя дэфекты пакрышкі, з'явіцца рэнтген-устаноўка. З таго моманту, як завод быў пабудаваны, выпускалі прадукцыю дыяганальнай канструкцыі - у ёй 32 слаі ніцей. Новае абсталяванне дае магчымасць ствараць канструкцыю ў адзін слой з металакорпусам. Гэта больш эканамічна і такая пакрышка больш устойлівая да ўдараў, парэзаў - не страшны скальныя пароды".

Паводле слоў генеральнага дырэктара "Белшыны" Андрэя Бунакова, у бабруйскага прадпрыемства ёсць перспектывы для далейшага развіцця. "Для гэтага мы рэалізуем шэраг інвестыцыйных праектаў, якія датычацца ў першую чаргу буйнагабарытных і звышбуйнагабарытных шын. Тут неабходна папрацаваць над якасцю, але самае галоўнае - гэта фундамент для далейшага развіцця нашага прадпрыемства. Распрацавана стратэгія, мы ведаем, куды рухацца, і ведаем, на якіх рынках нас чакаюць. У нас ёсць заказы на другое паўгоддзе", - падкрэсліў гендырэктар.

"Белшына" асвойвае і новыя рынкі для пастаўкі сваёй прадукцыі. "Няма ні адной краіны, якая не карысталася б аўтамабільнымі шынамі: пачынаючы ад легкавых і сельскагаспадарчых да грузавых і звышбуйнагабарытных шын. Мы працуем па ўсіх гэтых відах прадукцыі, таму ў нас ёсць магчымасць дыверсіфікавацца на рынку, асабліва бліжэйшым. Не забываем і пра далёкае замежжа - заўсёды гатовы да работы. Эфектыўна прадаваць легкавую шыну можна ў радыусе 3 тыс. км, грузавыя і сельгасшыны - 4,05/05 тыс. км, а буйнагабарытныя і звышбуйнагабарытныя - па ўсім свеце. І да гэтай работы мы гатовы", - дадаў Андрэй Бунакоў.

У склад ААТ "Белшына" ўваходзяць: завод буйнагабарытных шын, завод масавых шын, завод звышбуйнагабарытных шын, механічны завод, які забяспечвае асноўную вытворчасць абсталяваннем і аснасткай, шэраг цэнтралізаваных падраздзяленняў, вытворчасць гумавых вырабаў у Крычаве. На прадпрыемстве асвоена больш за 400 мадэлей шын. За апошнія тры гады на серыйную вытворчасць было пастаўлена каля 70 новых тыпапамераў шын.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі