11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У праекце "У тэме" на YouTube-канале БЕЛТА польскі дысідэнт, суддзя Томаш Шміт, гаворачы пра рэакцыю афіцыйнай Варшавы на свой пераезд у Беларусь, выказаў думку, што польскія ўлады хочуць правучыць яго, каб іншыя палякі не асмеліліся ўзяць з яго прыклад.
"Я чакаў рэакцыю, але не чакаў, што яна будзе такой. Улады Польшчы проста ў істэрыцы і вельмі хутка сталі абвінавачваць мяне ў шпіянажы. Але гэта нейкае глупства", - сказаў Томаш Шміт.
Паляк адзначыў, што ў яго няма знаёмых ні ў Белым доме, ні ў Пентагоне. "У мяне няма доступу да дакументаў НАТА, - канстатаваў ён. - Але варта задумацца, чаму ўсяго толькі некалькі праўдзівых слоў справакавалі такую паніку ў Польшчы".
Томаш Шміт падкрэсліў, што ён выступае за нармалізацыю адносін Польшчы і Беларусі, але правячая польская эліта не падзяляе яго погляды, як не падзяляюць іх і у Злучаных Штатах, Вялікабрытаніі. "Яны хочуць нас пасварыць", - лічыць паляк.
"Мне здаецца, што цяпер яны (улады Польшчы. - Заўвага БЕЛТА) проста хочуць мяне правучыць, каб ніхто не ўзяў прыклад, каб ніхто не асмеліўся зрабіць тое ж самае, што я. Яны зробяць усё, каб мяне ачарніць. А лепш за ўсё, каб закрыць мяне ў турме або, напрыклад, арганізаваць мне няшчасны выпадак", - заявіў Томаш Шміт.
На думку польскага суддзі, афіцыйнай Варшаве проста нявыгадна, каб іншыя палякі падзялялі яго пункт гледжання аб неабходнасці нармалізаваць адносіны паміж Беларуссю і Польшчай. Разам з тым, адзначыў ён, простыя палякі не маюць нічога супраць беларусаў.
"Я не ўбачыў такой жа рэакцыі з боку палякаў, якая была ў польскіх улад. Але супрацоўніцтва і нармалізацыя адносін паміж Польшчай і Беларуссю з’яўляюцца вельмі нявыгаднымі для Злучаных Штатаў і асабліва Вялікабрытаніі", - лічыць ён.
Томаш Шміт - суддзя 2-га аддзялення ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы. Раней займаў розныя пасады ў судовай сістэме і органах юстыцыі Польшчы. З’яўляўся кіраўніком юрыдычнага аддзела ў Нацыянальным савеце суддзяў Польшчы.
З-за нязгоды з палітыкай і дзеяннямі ўлад вымушана пакінуў Польшчу і цяпер знаходзіцца ў Беларусі. Яму пагражалі і праследавалі за самастойную палітычную пазіцыю.-0-