Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 лютага 2020, 19:07

"Беларуснафта" пачынае новы праект з індыйскай нафтагазавай карпарацыяй

17 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Кампанія "Беларуснафта" падпісала кантракт з дзяржаўнай нафтагазавай карпарацыяй ONGC (Індыя), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

Для беларускага нафтавага інжынірынгу праект стане адным з самых маштабных за апошнія гады за мяжой. Кантрактам прадугледжана аказанне паслуг буйнейшай дзяржаўнай індыйскай нафтагазавай карпарацыі Oil And Natural Gas Corporation. Размова ідзе аб работах па павышэнні нафтааддачы пластоў. "Беларускія нафтавікі выйгралі тэндар на падбор рэцэптуры паверхнева-актыўных рэчываў (ПАР) для павышэння нафтааддачы пластоў. Праводзіць даследаванні будуць спецыялісты "БелНДПІнафта" - навукова-даследчага і праектнага інстытута "Беларуснафты", - расказалі на прадпрыемстве. У зоне іх увагі - шэсць радовішчаў, размешчаных у розных частках Індыі.

Паводле даных спецыялістаў, гэтыя плошчы характарызуюцца высокай абводненасцю запасаў. "Палепшыць распрацоўку астатніх рэсурсаў з дапамогай трацічных метадаў, або ПАР-заваднення, - галоўная задача праекта", - удакладнілі ў "Беларуснафце".

Рэалізацыя індыйскага кантракта пройдзе ў два этапы. Прадугледжаны распрацоўка пілотнага дызайн-праекта з лабараторнымі даследаваннямі і падборам эфектыўных саставаў кампазіцыі для канкрэтных аб'ектаў, а ў далейшым - доследна-прамысловыя выпрабаванні з укараненнем распрацоўкі на радовішчах.

"Плануецца правесці серыю скрынінгавых даследаванняў і фільтрацыйных выпрабаванняў на керне ва ўмовах, якія адпавядаюць пластавым. Потым на аснове рэзультатаў лабараторных эксперыментаў з дапамогай камп'ютарных гідрадынамічных мадэлей папярэдне ацэняць эфектыўнасць кампазіцый, аптымізуюць працэсы іх запампоўкі. Таксама трэба будзе падабраць неабходнае абсталяванне", - паведамілі ў кампаніі.

У час візіту беларускай дэлегацыі ў Індыю бакі вызначылі тэхнічныя і арганізацыйныя дэталі работы. На аказанне інжынірынгавых паслуг "БелНДПІнафта" - 9 месяцаў.

Як паведамляецца, на долю ONGC прыпадае здабыча 77 працэнтаў сырой нафты і 81 працэнт прыроднага газу Індыі. Кампанія задавольвае каля 30 працэнтаў патрэбнасці краіны ў сырой нафце. Карпарацыя ўдзельнічае ў разведцы і далейшай распрацоўцы радовішчаў вуглевадародаў у 26 асадкавых басейнах у Індыі.

Раней беларусы выконвалі для дзяржаўнай кампаніі Oil India Limited комплексныя інжынерна-кансультацыйныя паслугі па рэабілітацыі індыйскіх радовішчаў Дыгбой і Чабуа.

Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі