24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ноч Будапешта правядуць ва ўнутраным дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі 31 мая з 20.00 да 24.00, паведамілі БЕЛТА ў музеі.
"Галоўнай адметнасцю ночы Будапешта будзе яе насычаная праграма, якая ўключае канцэрт музычнай групы Bon Voyage, фотавыставу Сяргея і Наталлі Плыткевічаў, прысвечаную начнаму Будапешту, гастранамічныя шоу з дэгустацыяй венгерскіх він, кінапаказ стужак - пераможцаў фестывалю кароткаметражных фільмаў "Бушо", віктарыны", - расказалі ў музеі.
Венгерская культура шматгранная і арганічна спалучае ў сабе жыццялюбства, духоўнасць і рамантызм. Венгрыя ўсё часцей з'яўляецца ў спісах краін, якія падарожнікі імкнуцца наведаць у першую чаргу. Прычына - вялікі пералік выдатных мясцін, самабытная кухня, лекавыя тэрмальныя крыніцы. У Будапешце размешчаны цудоўныя помнікі архітэктуры і музеі, экспазіцыі якіх даюць магчымасць больш даведацца пра венгерскую культуру.
Ініцыятарам культурнай падзеі з'яўляецца пасольства Венгрыі ў Беларусі.-0-