Сцяг Пятніца, 5 снежня 2025
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
06 мая 2020, 18:46

У Расіі прапануецца здымаць каранцінныя абмежаванні ў тры этапы

6 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Здымаць уведзеныя ў Расіі з-за каранавіруса абмежаванні прапануецца ў тры этапы. Аб гэтым гаворыцца ва ўрадавым плане па зняцці каранцінных абмежаванняў, які сёння на нарадзе ў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна прадставіла кіраўнік Расспажыўнагляду Ганна Папова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У плане не названы канкрэтныя даты рэалізацыі этапаў, паколькі рашэнне па іх павінны прымаць кіраўнікі рэгіёнаў. "Сітуацыя ў Расіі ўнікальная, у некаторых рэгіёнах прырост хворых не перасягае 3 працэнты за суткі", - канстатавала Ганна Папова. Яна паведаміла, што Расспажыўнагляд распрацаваў для кіраўнікоў рэгіёнаў метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні паказчыкаў, якія з'яўляюцца падставай для зняцця абмежавальных мер. Сярод гэтых паказчыкаў - тэмп прыросту захваральнасці на COVID-19, колькасць свабоднага ложкавага фонду ва ўстановах аховы здароўя, ахоп тэсціраваннем на каранавірус.

Паводле слоў Ганны Паповай, кожны этап прадугледжвае пашырэнне пераліку грамадскіх месцаў, якія будуць адкрывацца для грамадзян. На першым этапе плануецца дазволіць адзіночныя заняткі спортам і фізкультурай на свежым паветры, работу гандлёвых прадпрыемстваў і сферы паслуг на абмежаванай плошчы і пры ўмове забеспячэння абмежаванай колькасці людзей, якія будуць абслугоўвацца. Другі этап, у прыватнасці, прадугледжвае дазвол на сямейныя прагулкі, павелічэнне працуючых гандлёвых плошчаў прадпрыемстваў, адкрыццё адукацыйных устаноў. На трэцім этапе прапануецца дазволіць работу зон адпачынку (паркаў і сквераў), прадпрыемстваў грамадскага харчавання, поўнасцю аднавіць дзейнасць адукацыйных устаноў. Пры гэтым кіраўнік Расспажыўнагляду падкрэсліла: абмежавальныя мерапрыемствы могуць быць адноўлены пры пагаршэнні эпідэміялагічнай сітуацыі ў рэгіёнах.

У Расіі, паводле даных на раніцу 6 мая, агульная колькасць інфіцыраваных COVID-19 дасягнула 165929, павялічыўшыся за апошнія суткі на 10559. Самы вялікі прырост у Маскве - на 5858, агульная колькасць устаноўленых дыягназаў у расійскай сталіцы - 85973. Колькасць ахвяр віруса ў Расіі дасягнула 1537, паправіліся і выпісаны пасля перанесенага захворвання 21327 чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі