Сцяг Серада, 27 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
У свеце
24 лютага 2020, 11:54

На поўначы Італіі з-за каранавіруса закрываюць гарады

24 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На поўначы Італіі ў шэрагу гарадоў з-за каранавіруса ўведзены каранцін. Як паведамляе Euronews, жыхарам забаронены ўезд і выезд без асаблівых дазволаў, якія выдаюцца індывідуальна і толькі ў выключных выпадках.

Усяго ў закрытых зонах пражываюць больш за 50 тыс. чалавек. Ім рэкамендуюць не выходзіць на вуліцу. Парушальнікам правіл каранціну пагражаюць штрафамі і арыштам.

У італьянскай паліцыі не выключаюць, што каранцінныя зоны могуць быць пашыраны. Услед за правінцыямі Венета і Ламбардыя, дзе ў мінулыя выхадныя абвешчаны каранцін, аб закрыцці школ і адмене ўсіх грамадскіх мерапрыемстваў з-за пагрозы эпідэміі аб'явілі ў вобласці Фрыулі-Венецыя-Джулія. Тут пакуль не зафіксавалі ні аднаго выпадку захворвання, аднак у суседніх рэгіёнах колькасць выяўленых носьбітаў каранавіруса імкліва павялічваецца і перасягнула ўжо 130 чалавек.

Як доўга будзе дзейнічаць каранцін, пакуль невядома. Мясцовыя ўлады асабліва занепакоены тым, што пакуль незразумела, як менавіта інфекцыя з'явілася на поўначы Італіі.

Паводле апошніх даных, у Італіі ад каранавіруса памерлі тры чалавекі - гэта пажылыя жыхары Венета і Ламбардыі. Адзначаецца, што яны памерлі з-за ўскладненняў на фоне іншых праблем са здароўем. Дваім з іх вельмі позна паставілі правільны дыягназ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі