Фота з архіва
10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануюць распрацаваць 384 новыя стандарты. Аб гэтым заявіла на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі Дзяржстандарту Аксана Грышкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У Беларусі стандарты абнаўляюцца штогод. "У гэтым годзе план стандартызацыі ўключае 948 тэм. Гэта і распрацоўка двух змяненняў да тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза на парфумерна-касметычную прадукцыю і энергаэфектыўнасць, і 384 новыя стандарты. Яны датычацца транспарту, будаўніцтва, машынабудавання, робататэхнікі, сельгастэхнікі, мэблі, лёгкай і харчовай прамысловасці, энергетыкі і сувязі", - растлумачыла Аксана Грышкевіч.
У першым паўгоддзі 2025 года Дзяржстандартам зацверджаны і ўведзены ў дзеянне 339 дзяржаўных стандартаў у сферы транспарту, будаўніцтва, дарожнага будаўніцтва, машынабудавання, электратэхнікі. Узровень гарманізацыі з міжнароднымі стандартамі складае 64 працэнты.
У Беларусі таксама дзейнічае 24 стандарты, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да басейнаў, сродкаў для навучання плаванню. "Цяпер мэтавыя праграмы стандартызацыі рэалізуюцца ў сферы тавараў і паслуг для дзяцей - распрацоўваюцца 53 стандарты. Ідзе распрацоўка стандартаў у сферы турызму, у галіне лічбавай эканомікі, інавацыйнага развіцця, патрабаванняў да ўпакоўкі, якія забяспечваюць магчымасць яе перапрацоўкі пасля страты спажывецкіх уласцівасцей. Запланавана распрацоўка 22 стандартаў", - адзначыла начальнік упраўлення.
Акрамя таго, падрыхтаваны праект праграмы распрацоўкі стандартаў "Апераджальная стандартызацыя ў прыярытэтных сферах нацыянальнай эканомікі", разлічаная на перыяд да 2029 года. Уключае яна распрацоўку 66 стандартаў па пяці ключавых высокатэхналагічных аб'ектах стандартызацыі. Гэта лічбавыя тэхналогіі, штучны інтэлект, інавацыйныя тэхналогіі ў прамысловасці, аграпрамысловым комплексе, харчовай прамысловасці, біялагічныя і хімічныя тэхналогіі, навуковае і навукова-тэхнічнае забеспячэнне бяспекі чалавека, грамадства і дзяржавы.-0-
