ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 24 верасня 2021
Мінск Воблачна з праясненнямі +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 ліпеня 2021, 15:43

Петрышэнка: у Беларусі выбудавана цэнтралізаваная сістэма падрыхтоўкі творчых кадраў

Фота з архіва
Фота з архіва

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі выбудавана цэнтралізаваная сістэма бесперапыннай падрыхтоўкі спецыялістаў творчых прафесій. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, які наведаў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і паназіраў за ходам унутраных уступных іспытаў у абітурыентаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Уступная кампанія прадаўжаецца. З учарашняга дня пачаліся экзамены ў трох творчых вышэйшых навучальных установах: Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У нас выбудавана цэнтралізаваная сістэма бесперапыннай падрыхтоўкі спецыялістаў творчых прафесій. Па ўсёй краіне дзейнічаюць больш за 400 дзіцячых школ мастацтваў, дзе займаюцца звыш 120 тыс. чалавек, 20 каледжаў, дзе адпаведныя спецыяльнасці атрымліваюць амаль 4,9 тыс. маладых людзей, а таксама тры вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе ў агульнай колькасці рыхтуюць каля 4,8 тыс. спецыялістаў", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Намеснік прэм'ер-міністра азнаёміўся з ходам унутраных уступных іспытаў. Ён адзначыў, што для абітурыентаў здача творчых экзаменаў - хвалюючы этап на шляху да самарэалізацыі ў творчай прафесіі. "Мы ўбачылі, як прафесійна працуе камісія, паглядзелі, як ідзе падрыхтоўка і здача экзаменаў па спецыяльнасцях мастацкага факультэта. На вусным творчым экзамене абітурыенты, якія мараць паступіць на акцёрскую прафесію, прадэманстравалі выкананне песень, скорагаворак, чытанне ўрыўкаў з твораў класікаў, баек, ігру на музычных інструментах. Усе гэтыя элементы творчай рэалізацыі камісія ацэньвае, выстаўляе балы і дапускае да ўдзелу ў наступным туры. Вельмі вялікі конкурс на акцёрскі факультэт - амаль 8 чалавек на месца", - расказаў ён.

Паводле слоў Ігара Петрышэнкі, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў навучаюцца каля 130 замежных студэнтаў. "Гэта сведчыць аб тым, што ўзровень адукацыі, якую мы тут даём, карыстаецца вялікай папулярнасцю. Аналагічныя лічбы па замежных студэнтах у Беларускай акадэміі музыкі і Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў. Для нас вельмі важна развіваць уласную культуру, знаходзіць творчых людзей і дапамагаць ім у атрыманні сур'ёзнай адукацыі, а таксама ў далейшай творчай рэалізацыі ў прафесіі", - звярнуў ён увагу.

Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што ў гэтым годзе Беларуская акадэмія мастацтваў робіць акцэнт на тэатральным факультэце на мэтавы набор. "Як вядома, кіраўнік дзяржавы даручыў пашырыць мэтавы набор і ў рамках іншых вышэйшых навучальных устаноў, напрыклад медыцынскага і педагагічнага профіляў. Вельмі важна, што заказчык ужо на стадыі адбору бачыць, хто да яго прыйдзе. Гэта дасць нам магчымасць больш якасна падрыхтаваць спецыялістаў. Мы павінны ствараць у добрым сэнсе здаровае канкурэнтнае асяроддзе ў тым ліку ў нашых творчых навучальных установах і адпаведна паміж тэатрамі ў плане пастановак, ігры артыстаў", - сказаў ён на заканчэнне.

У бягучым годзе плануецца прыняць у ВНУ амаль 55 тыс. чалавек. У тым ліку для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені за кошт сродкаў бюджэту - 27,8 тыс., на платнай аснове - 27,1 тыс., на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі плануецца прыняць больш за 39 тыс. чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі