ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 13 жніўня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць +17°C
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 ліпеня 2020, 16:48

Качанава: мясцовыя ўлады павінны чуць людзей і дапамагаць у вырашэнні іх пытанняў

Наталля Качанава ў час прыёму грамадзян
Наталля Качанава ў час прыёму грамадзян

15 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла сёння прыём грамадзян у цэнтральнай грамадскай прыёмнай РГА "Белая Русь". Пытанні, з якімі звярталіся людзі, датычыліся жылля, якасці вады ў Мінску, налічэння пенсій, аховы здароўя, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння "Белая Русь" адкрыла 150 грамадскіх прыёмных па ўсёй краіне. "Сюды можна звярнуцца з любымі пытаннямі. Сёння работа праходзіла вельмі эфектыўна і плённа. Людзей прыйшло даволі шмат - з пытаннямі, прапановамі, пажаданнямі, якія заслугоўваюць увагі. Звярталіся не толькі грамадзяне з асабістымі пытаннямі, але і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый", - расказала пасля прыёму журналістам Наталля Качанава.

"У Беларусі прыняты закон аб зваротах грамадзян. Усе службовыя асобы абавязаны праводзіць прыёмы па асабістых пытаннях, сустракацца з людзьмі, чуць іх праблемы і аказваць усялякае садзейнічанне ў іх вырашэнні", - нагадала спікер.

Большасць пытанняў, як правіла, датычацца работы мясцовых улад. Сённяшні прыём не стаў выключэннем. "Хацелася б, каб людзей на месцах чулі і дапамагалі вырашаць пытанні, якія ў іх узнікаюць", - падкрэсліла старшыня верхняй палаты беларускага парламента.

Прыём грамадзян у Наталлі Качанавай доўжыўся больш за тры гадзіны. Жадаючых было значна больш, чым можна было прыняць у адведзены час. Старшыня Савета Рэспублікі паабяцала правесці дадатковы прыём для тых, з кім не паспела сустрэцца сёння.

Сярод тых, хто пабываў на прыёме ў Наталлі Качанавай, - мінчанін Уладзімір Маркаў. Ён і яго брат, сацыяльныя сіроты, жылі ў апякунскай сям'і. У іх было дзяржаўнае жыллё фонду агульнага карыстання. У свой час яго можна было прыватызаваць. Аднак узамен гэтай кватэры шляхам сумніўных схем ім прадаставілі сацыяльнае жыллё. Прыватызаваць яго немагчыма. "Ёсць заключэнне Мінгарвыканкама. Яно гаворыць, што ў сувязі з дапушчанымі парушэннямі можна было б накіраваць зварот на імя Прэзідэнта і вырашыць пытанне набыцця жылля ў дзяржавы", - расказаў малады чалавек. Прыйшоўшы на прыём, ён папрасіў Наталлю Качанаву вывучыць праблему і, калі магчыма, дазволіць выкупіць у дзяржавы кватэру.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Уладзімір Маркаў адзначыў, што разлічвае на справядлівае вырашэнне яго пытання. Прыёмы грамадзян, лічыць ён, карысная форма работы са зваротамі грамадзян. Яны даюць магчымасць выслухаць людзей, даведацца пра іх праблемы.

Павел Сцяпашын звярнуўся да Наталлі Качанавай ад Мінскага гарадскога аб'яднання ветэранаў вайны ў Афганістане. Ён папрасіў разгледзець магчымасць таго, каб чарга на атрыманне кватэр для ветэранаў-афганцаў рухалася хутчэй. Адказаць, паводле яго слоў, паабяцалі ў бліжэйшы час, дэталёва разабраўшыся ў праблеме.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі