Фота з архіва
22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўпершыню была выплачана дадатковая накапляльная пенсія з дзяржаўнай падтрымкай. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Першай аформіла выплату "другой" пенсіі Святлана Карабань з Наваполацка.
У міністэрстве нагадалі, што першыя выплаты ў рамках праграмы "3+3", якая пачала работу 1 кастрычніка 2022 года, чакаюцца ў лістападзе - снежні гэтага года. Іх атрымаюць 47 чалавек (13 мужчын і 34 жанчыны). Гэта грамадзяне, якія за тры гады да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту аднымі з першых уступілі ў праграму добраахвотнага страхавання з падтрымкай дзяржавы.
У ведамстве расказалі, як накапіць на "другую" пенсію. Трэба падаць заяву і заключыць дагавор са "Стравітай" непасрэдна ў страхоўшчыка або ў электронным выглядзе праз афіцыйны сайт. Таксама неабходна звярнуцца да наймальніка з копіяй дагавора і заявай аб пералічэнні адпаведнага страхавога ўзносу. Уступаць у праграму страхавання можна не пазней як за тры гады да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.
Дадатковыя ўзносы на накапляльную пенсію будуць штомесяц пералічвацца работадаўцам па заяве работніка. Удзельнікі праграмы могуць мяняць тарыф узносу на накапляльную пенсію, але не часцей як адзін раз у год, а таксама маюць права ў любы момант прыпыніць свой удзел у праграме і потым аднавіць выплату дадатковых узносаў.
Такім чынам, пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту страхоўшчыкам работніку штомесяц будзе выплачвацца дадатковая накапляльная пенсія на працягу 5 або 10 гадоў (на выбар грамадзяніна).
Ужо 63 тыс. работнікаў накопліваюць дадатковую пенсію з падтрымкай дзяржавы.-0-
