17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва ўсіх сферах трэба тэрмінова пазбавіцца ад незразумелых арганізацый, структур і бюракратаў - "бюджэтных прысосаў". Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, прымаючы справаздачу ўрада за 2025 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, тэма на злобу дня - кадравы дэфіцыт, асабліва па-за сталіцай і абласнымі цэнтрамі. Пры гэтым у краіне мноства бюджэтных арганізацый. "Я гавару пра сотні бюджэтных прысосаў у кожным практычна ведамстве і міністэрстве. Блатныя месцы для адстаўных чыноўнікаў і гэтак далей", - сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што гэтыя словы не датычацца радавых школ, бальніц, спартыўных секцый і да таго падобнае.
"Паглядзіце, чым загружаны спецыялісты па налічэнні розных дапамог, стыпендый і пенсій, - прывёў адзін з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка. - Ганяюць людзей за кучай даведак, якія і так даўно ёсць у дзяржаўных сістэмах, і атрымаць іх можна на месцы па адным запыце. Толькі на пенсійную сістэму працуе паўтары сотні арганізацый і больш за 4 тыс. чалавек. Збіраеце ў чэргах пенсіянераў, каб заяву аб чарговым пераразліку з рук у рукі прыняць. У краіне паўмільёна працуючых пенсіянераў. Калі ім хадзіць па вашых кабінетах? Дзе ваша хвалёная лічбавізацыя?"
Прэзідэнт паставіў задачу ва ўсіх сферах тэрмінова пазбавіцца "ад незразумелых арганізацый, структур і бюракратаў". У гэтай справе, паводле яго слоў, буксуе ўжо трэці віцэ-прэм'ер - Наталля Пяткевіч пасля Ігара Петрышэнкі і Уладзіміра Караніка, не прымаючы рашэнняў там, дзе імгненны жывы эфект для бюджэту.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гатовы разгледзець прапановы прэм'ер-міністра па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў. Але важна дакладна разумець, што гэта дасць з пункту гледжання росту экспарту, эканоміі затрат і напаўнення бюджэту, звярнуў увагу Прэзідэнт.
Напрыклад, які раз гучыць прапанова расфарміраваць Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, далучыўшы яго да Мінбудархітэктуры. Аднак кіраўнік дзяржавы сумняваецца, што гэта мэтазгодна, асабліва з улікам таго, што значная частка скаргаў з боку насельніцтва датычыцца праблем у ЖКГ, а колькасць работнікаў міністэрства даволі невялікая, усяго некалькі дзясяткаў чалавек, і яго ліквідацыя не дасць істотнага эфекту ў эканоміі сродкаў.-0-
