Сцяг Панядзелак, 9 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
17 лютага 2026, 16:41

"Давайце варушыцца і працаваць". Лукашэнка арыентуе ўрад і Нацбанк на рэзультатыўнасць у эканоміцы

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе ўрад і Нацыянальны банк на забеспячэнне эфектыўнай і стабільнай работы эканомікі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы справаздачу ўрада за 2025 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў краіне ёсць патэнцыял і магчымасці для таго, каб істотна палепшыць эканамічныя паказчыкі. "Мы можам. Патрэбны вынік. Я проста хачу папярэдзіць, не запалохваючы нікога. Хачу, каб вы мяне пачулі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мая вам парада. Як сваім дзецям вам раю: займіцеся справай. Сказана ісці працаваць - значыць, трэба. Час такі. Паверце, трыццаць пяты раз гавару: гэта лепш, чым ваяваць".

"Давайце варушыцца і працаваць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Колькі вас можна пераконваць у гэтым! Давайце ў спакойным рэжыме працаваць. Кожны павінен несці нагрузку. Падумайце аб сваіх дзецях. Мы ўжо нешта пражылі. А што мы дзецям пакінем?"
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў першую чаргу за прыняцце ключавых эканамічных рашэнняў адказны ўрад і Нацыянальны банк. "Вы павінны працаваць на адно. Эканоміка - гэта ўрад і Нацыянальны банк", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што дапускае наяўнасць розных пунктаў гледжання, але яны не павінны мець антаганістычны характар. "Я вам працаваць не перашкаджаю. Але за вынік трэба будзе адказваць", - папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што нядобразычліўцаў вакол хапае і яны Беларусі спакойна жыць не дадуць. У сувязі з гэтым былі згаданы падзеі 2020 года і ўрокі, якія трэба было атрымаць з таго, што адбылося, паколькі паўтарэнне такога сцэнарая можа прывесці да страты дзяржавы.

"Ніхто нам не дапамагаў і не дапаможа. Наша шчасце тут, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Неяк круцімся, верцемся і гэтак далей. Не толькі я, але і вы. Мы будзем жыць у сваёй дзяржаве. Мы хочам жыць у сваёй дзяржаве. Нешта купілі, нешта прадалі... Трэба купляць танней, прадаваць даражэй. Але прадаваць трэба. Нельга спыняцца".
У ліку прыярытэтных задач кіраўнік дзяржавы бачыць развіццё ўласнай вытворчай базы: "Трэба вырабляць сваё, мы гэта ўмеем рабіць". Пакуль жа ў гэтай сферы хапае недахопаў, якія трэба будзе выпраўляць. У першую чаргу размова аб кадравай палітыцы, адказным стаўленні да працы, дысцыпліне і захаванні тэхналогій. "Мы не робім элементарнага. І вы хочаце, каб было нармальна? Кожны на сваім працоўным месцы павінен займацца справай", - арыентаваў Прэзідэнт.

"Губернатары, прэм'ер-міністр і астатнія павінны як "Ойча наш" запісаць: ніхто нікуды без вашага ведама не павінен пайсці. Жалезная павінна быць дысцыпліна. У той жа час добрых дастойных людзей мы павінны бачыць, заахвочваць, узнагароджваць і рухаць наперад, калі гэта патрэбна, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Справядлівае павінна быць стаўленне. Гэта для кіраўніка Адміністрацыі задача найважнейшая. Ён наверсе гэта кантралюе, а прэм'ер-міністр, губернатары перш за ўсё прымаюць рашэнне, дзейнічаюць".

Асобная ўвага звярталася на недапушчальнасць неабгрунтаванага росту зарплат. Памер сярэдняга заработку па краіне набліжаецца да $900. "Мінімальную (зарплату. - Заўвага БЕЛТА) мы забяспечылі, для таго, каб нармальна існаваць. Далей - трэба вярцецца, круціцца. Далей - хто зможа, той няхай зарабляе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі