Сцяг Панядзелак, 9 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 лютага 2026, 19:33

Мінадукацыі дапоўніла спіс педспецыяльнасцей для паступлення без уступных іспытаў
 

Фота з архіва
Фота з архіва
18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Унесены змяненні ў пастанову Міністэрства адукацыі ад 19 кастрычніка 2022 года нумар 391 "Аб пераліку педагагічных спецыяльнасцей, пры паступленні на якія залічваюцца без уступных іспытаў асобныя катэгорыі абітурыентаў". Гэта прадугледжана пастановай ведамства ад 10 лютага 2026 года нумар 31, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

У пералік дадаткова ўнесена пазіцыя "Фізічная культура. Ваенна-патрыятычнае выхаванне", код спецыяльнасці 6-05-0115-02 (усяго на сённяшні дзень у спісе 23 спецыяльнасці, у прыватнасці, дашкольная адукацыя, гісторыя, музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны і інжынерна-педагагічная дзейнасць, спецыяльная і інклюзіўная адукацыя і інш.).

На спецыяльнасці, уключаныя ў пералік, ва ўстановы вышэйшай адукацыі могуць быць залічаны (у тым ліку тыя, хто паступае ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй): пераможцы (дыпломы I, II, III ступені) трэцяга (абласнога, Мінскага гарадскога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, праведзенай Міністэрствам адукацыі ў навучальным годзе (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі), пры паступленні на адпаведныя спецыяльнасці і для якіх гэты вучэбны прадмет вызначаны прадметам профільнага іспыту; асобы, якія маюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым (сярэбраным) медалём або дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі).

Акрамя таго, на ўстаноўленыя спецыяльнасці залічваюцца ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы асобы, якія маюць дыплом аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі з адзнакай, які пацвярджае атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі).

Пастанова ўступае ў сілу з 19 лютага 2026 года.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі