Сцяг Пятніца, 17 красавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 красавіка 2026, 12:12

Народная каманда, лепшы "наркотык" і парады па гульні. Лукашэнка пабываў на трэніроўцы ў "Дынама-Мінск"

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыехаў у "Мінск-Арэну" на трэніроўку каманды "Дынама-Мінск", якая выступае ў КХЛ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы прыехаў да хакеістаў, каб падтрымаць іх перад стартам у другім раўндзе плэй-оф КХЛ.

"Дзякуй вам за першы раўнд. Гэта толькі пачатак. Я вельмі спадзяюся... Я перадаваў ужо тут праз начальнікаў: калі вам нешта патрэбна, каб падрыхтавацца да другога этапу, вы скажыце. Медыцына, масажысты добрыя... Увогуле, калі нешта трэба - гаварыце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што яго крыху непакоіць вялікі перыяд паміж гульнямі. Важна, каб ігракі не страцілі спартыўны тонус. "Таму я сказаў хакеістам нашым галоўным: калі вам трэба арганізаваць нейкі спарынг - выбраць лепшых у Беларусі - і недзе праз дзень-два згуляць, - пастараемся. Усё, што трэба, мы гатовы для вас зрабіць. Гэта не дабрачыннасць. Таму што вы сапраўды заслужылі імя народнай каманды. Вас любяць не толькі ў Мінску, але па ўсёй Беларусі. Гэта вялікая справа", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Капітан каманды Андрэй Стась ад усіх ігракоў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за падтрымку і запрасіў на першы матч з "Ак Барсам" у Мінску. "Трэба, каб вы прыйшлі. Абавязкова", - сказаў ён.
"Ды я гатовы тут начаваць, толькі б выйгралі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Згуляйце дастойна, каб народ не расчараваўся ў вас".
Прэзідэнт таксама даў некалькі парад па будучых гульнях "зуброў" у плэй-оф. "Трэба прагматычна гуляць. Таму што я ведаю, што гэта (прагматычны падыход. - Заўвага БЕЛТА) не ваша гульня. Вы - людзі атакуючыя: наперад, наперад, наперад, а потым праваліліся... Ну, гэта плэй-оф. Недзе трэба адкінуць, недзе трэба адскочыць, у абароне пагуляць і гэтак далей. Не прайграваць укідванне. Каб не 75 працэнтаў было, а 100 працэнтаў. Таму што кожны элемент важны", - сказаў ён.
Беларускі лідар цёпла пагутарыў з ігракамі і трэнерскім складам і сам прыняў удзел у трэніроўцы, зрабіўшы некалькі кідкоў па варотах.

Традыцыйна не абышлося і без падарункаў. Аляксандр Лукашэнка перадаў хакеістам хлеб, сала, прысмакі, мёд, а трэнерам яшчэ і моцныя напіткі.

"Хлеб начной выпечкі з Віцебска", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Перадаючы ігракам сала, ён звярнуўся да амерыканскага нападаючага ў складзе каманды Сэма Энаса: "Запомні, для хакеіста галоўнае - не курыць, не наркотыкі. Вось наркотык - самы лепшы. Наразай, і пасля трэніроўкі пачастуеш хлопцаў".
У сваю чаргу мёд, як расказаў Прэзідэнт, з яго малой радзімы. "Гэта вам мёд у любы час. Можна на ноч", - сказаў ён.
"Хлопцы, дзякуй вам вялікі. Гэта ўсё для вас, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Прыйду на гульню. Пагляджу, як вы будзеце гуляць. Дзякуй, хлопцы, беражыце каманду, каб не развалілася".

"Мы за вас вельмі балеем. Што скажаце, усё будзем рабіць. І не толькі ў час вашай гульні, але і пасля яе. Застаняцеся ў Мінску - падумаем, чым вам дапамагчы. Поле травы я вам падрыхтаваў касіць. Таму што гэта ж рухі тыя ж самыя. Дровы сячы будзем. Я гатовы з вамі рыхтавацца ў міжсезонцы і выканаць той аб'ём работ, якія вы будзеце выконваць. З маленькай папраўкай. Дзякуй вам, хлопцы", - сказаў Прэзідэнт.
На завяршэнне на памяць зрабілі агульнае фота. "Заўтра на першую старонку ў асноўную газету. І кожнаму газету раздаць", - даручыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка 24 сакавіка ў "Мінск-Арэне" наведаў першы матч "Дынама-Мінск" у плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі цяперашняга сезона. З трыбуны ён назіраў за паядынкам "Дынама-Мінск" і маскоўскага "Дынама". У серыі гульняў з маскоўскімі аднаклубнікамі мінскія "зубры" паказалі выдатны рэзультат, выйграўшы ў чатырох матчах запар і забяспечыўшы сабе выхад у наступны раўнд плэй-оф.
У 1/4 фіналу "Дынама-Мінск" згуляе з казанскім "Ак Барсам". Серыя да чатырох перамог стартуе на "Мінск-Арэне" 9 красавіка, другі матч адбудзецца там жа 11 красавіка. Далей сапернікі пераедуць у Казань, дзе згуляюць 13 і 15 красавіка. Пры неабходнасці матчы з пятага па сёмы пройдуць 17, 19 і 21 красавіка. Раней "Дынама" і "Ак Барс" у плэй-оф не сустракаліся.

Хакейны клуб "Дынама-Мінск" ужо другі сезон запар выходзіць у 1/4 фіналу плэй-оф КХЛ. Пакуль гэты этап з'яўляецца найвышэйшым дасягненнем мінскай каманды. У папярэднім сезоне за выхад у паўфінал "зубры" змагаліся з чалябінскім "Трактарам", аднак прайгралі. Цікава, што ў гэтым годзе супраціўленне ігракоў "Трактара" за выхад у чвэрцьфінал зламаў якраз "Ак Барс".

Яшчэ адзін цікавы факт: цяперашні галоўны трэнер "Дынама-Мінск" і нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Дзмітрый Квартальнаў у 2019-2022 гадах, да прыходу ў "Дынама-Мінск", быў галоўным трэнерам "Ак Барса".-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі