Сцяг Чацвер, 14 мая 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 красавіка 2026, 09:55

КДБ Беларусі і СЗР РФ прадоўжаць каардынацыю па процідзеянні агрэсіўнай палітыцы Захаду

Фота з архіва
Фота з архіва
16 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі і Служба знешняй разведкі Расіі дамовіліся прадаўжаць каардынацыю па процідзеянні агрэсіўнай палітыцы Захаду. Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні прэс-службы СЗР РФ па выніках чарговага пасяджэння калегій Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Службы знешняй разведкі Расійскай Федэрацыі, якое прайшло 15 красавіка ў Калінінградзе пад кіраўніцтвам кіраўнікоў спецыяльных службаў дзвюх краін Івана Тэртэля і Сяргея Нарышкіна, паведамляе БЕЛТА.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі бягучыя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы забеспячэння бяспекі Беларусі і Расіі, актуалізавалі задачы ў сумеснай рабоце па прыярытэтных напрамках разведвальнай дзейнасці, разгледзелі перспектывы развіцця ўзаемадзеяння, у тым ліку ў рамках інтэграцыйных працэсаў Саюзнай дзяржавы.

"Кіраўнікі спецслужбаў абмяняліся ацэнкамі стану глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. Асаблівая ўвага ў ходзе сустрэчы была ўдзелена ўдасканаленню форм і метадаў сумеснай работы ва ўмовах бягучай геапалітычнай сітуацыі ў свеце. Пацверджана дамоўленасць аб далейшай каардынацыі ў пытаннях процідзеяння агрэсіўнай палітыцы Захаду адносна Расіі і Беларусі. Першараднай задачай абазначана забеспячэнне кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь актуальнай і дакладнай інфармацыяй аб падрыўных планах краін Захаду і блока НАТА на постсавецкай прасторы і звязаных з гэтым пагрозах для Саюзнай дзяржавы", - паведамілі ў СЗР РФ.

"Падкрэслена неабходнасць актывізаваць узаемадзеянне з мэтай недапушчэння пранікнення на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы носьбітаў экстрэмісцкай ідэалогіі і тэрарыстаў-баевікоў", - заявілі ў прэс-службе.

Прынятыя па выніках мерапрыемства рашэнні нацэлены на ўдасканаленне разведдзейнасці КДБ Беларусі і СЗР Расіі.

"У перыяд знаходжання ў Калінінградзе кіраўнікі дзвюх спецслужбаў усклалі кветкі да Вечнага агню Мемарыяла 1200 гвардзейцам і ўшанавалі мінутай маўчання памяць воінаў, якія загінулі пры штурме Кёнігсберга. Адзначана, што Масква і Мінск рашуча асуджаюць любыя спробы рэвізіянісцкіх сіл перапісаць гісторыю, прыменшыць ролю савецкага народа у разгроме нацызму і тым самым падарваць глыбінныя гістарычныя сувязі паміж дзвюма братэрскімі дзяржавамі", - дадалі ў СЗР РФ.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі