3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў інфармацыю аб атручэнні Аляксея Навальнага фальсіфікацыяй. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я заўважыў, назіраючы за расійскімі падзеямі, у іх - Захаду - новая фішка з'явілася. Зноў "Навічок" (атрутнае рэчыва. - Заўвага БЕЛТА), зноў атручэнне. Дык я вам павінен сказаць, што ўчора або пазаўчора, я дакладна не помню, да выступлення Меркель (яна заявіла, што яму - Навальнаму - хацелі закрыць рот) мы перахапілі размову. Мы так разумеем, Варшава размаўляе з Берлінам. Два абаненты на сувязі. Перахапіла наша радыёэлектронная ваенная разведка. Паколькі там (на заходніх рубяжах Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) разгорнуты часці, і мы, вядома, вядзём і ў радыёсферы проціборства з натаўцамі. І мы перахапілі цікавую размову, якая (я вам дам пачытаць яе, мы падрыхтуем і накіруем у ФСБ) выразна сведчыць аб тым, што гэта фальсіфікацыя. Ніякага атручэння Навальнага не было", - заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што група спецыялістаў падрыхтавала для канцлера Германіі Ангелы Меркель, для яе адміністрацыі факты, можа, і заяву, якую яна зрабіла. "Зрабілі яны гэта - цытата: "Каб адбіць ахвоту Пуціну сунуць нос у справы Беларусі". Я працытаваў гэту размову. Разумееце, наколькі па-езуіцку паводзяць сябе гэтыя людзі", - расказаў Прэзідэнт.
"Таму, я думаю, Бортнікаву з Нарышкіным (кіраўнікі расійскіх спецслужбаў. - Заўвага БЕЛТА) трэба будзе сур'ёзна разабрацца ў гэтай сітуацыі. Мы і голас перададзім запісаны, і тэкст. Поўнасцю ўсе матэрыялы сёння-заўтра будуць у вашых спецслужбаў для таго, каб яны разабраліся, каму гэта трэба. Адна таксама цытата: "Тым больш, у бліжэйшы час у іх выбары, дзень галасавання ў рэгіёнах Расіі". Інакш кажучы, яны ведаюць, што ў Расіі выбары, і трэба перад гэтымі выбарамі нейкую падсунуць гадасць. Мы думаем, што яшчэ нешта прыдумаюць. Вось іх стыль. Вось іх твар", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Тут і пра Беларусь размова ёсць. Я вам пакіну яе, вы пачытаеце", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў выснову, што спакойнага жыцця "яны нам не гарантуюць, спакойнага жыцця нам не будзе". "У гэтым я ўпэўнены. Але вы павінны разумець, што мы поўныя рашучасці адстаяць свой суверэнітэт і незалежнасць і не дазволім тут нас нахіляць. Мы бачым, адкуль ужо ногі растуць. І не проста ногі. Мы бачым, што яны па вушы ўжо загразлі ў гэтай хлусні і мане. Але праўда заўсёды перамагала. І, напэўна, Гасподзь усё ж такі на нашым баку", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-