26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў яшчэ раз дэталёва вывучыць праект стварэння ў краіне новага адукацыйнага цэнтра па падрыхтоўцы кадраў перспектыўных напрамкаў. Аб гэтым па выніках праведзенай нарады ў кіраўніка дзяржавы заявіў журналістам міністр адукацыі Андрэй Іванец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы ўсебакова былі разгледжаны пытанні па стварэнні новага адукацыйнага цэнтра, фактычна новага ўніверсітэта ў краіне, па падрыхтоўцы спецыялістаў у найбольш перспектыўных для нашай эканомікі галінах. Былі выказаны розныя пункты гледжання, шмат было за, шмат супраць. Таму нарада скончылася тым, што Прэзідэнт даў даручэнне яшчэ раз дэталёва максімальна шырокім колам вывучыць гэта пытанне і ў самыя кароткія тэрміны ўнесці прапановы ўрада кіраўніку дзяржавы", - сказаў міністр.
"Нягледзячы на дыскусіі, на завяршэнне ўсе сышліся на тым, што стварэнне гэтага адукацыйнага цэнтра трэба разглядаць як нацыянальны праект", - падкрэсліў кіраўнік адукацыйнага ведамства.
Андрэй Іванец адзначыў, што ў Беларусі ёсць так званы залаты фонд навучэнцаў, якія з'яўляюцца пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, лаўрэатамі спецфонду кіраўніка дзяржавы, выпускнікамі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. "Яны сёння гатовы вучыцца не проста па праграме першага курса ўніверсітэта, а фактычна сямімільнымі крокамі асвойваць гэту праграму. Для такой моладзі мы павінны стварыць асаблівыя эксперыментальныя праграмы, якія будуць не толькі насычаны сур'ёзнымі фундаментальнымі тэарэтычнымі ведамі, але, самае галоўнае, каб яны былі поўнасцю інкарпарыраваны ва ўзаемадзеянне з рэальным сектарам эканомікі", - сказаў міністр.
Гэта азначае, што студэнты прапанаванага адукацыйнага цэнтра будуць у тым ліку працаваць над канкрэтнымі праектамі і задачамі, якія неабходна вырашаць у айчыннай эканоміцы.
"Мадэль прапанаванага навучання прадугледжвае, што за першыя два гады студэнты гэтага адукацыйнага цэнтра пройдуць усю праграму чатырохгадовага навучання ў традыцыйнай ВНУ. Пачынаючы з трэцяга курса яны будуць працаваць у рамках індывідуальнай формы навучання над канкрэтнымі праектамі і задачамі. Гэта з'яўляецца прынцыповым адрозненнем - праектна-даследчы прынцып арганізацыі вучобы", - расказаў Андрэй Іванец.
Такім чынам будуць стварацца неабходныя ўмовы, каб усе адораныя дзеці заставаліся ў Беларусі для прадаўжэння вучобы і ў далейшым забяспечвалі патрэбнасці нацыянальнай эканомікі ў высокакваліфікаваных кадрах.
"Мы добра разумеем, што наша краіна даволі кампактная. Для таго, каб працаваць з такімі маладымі людзьмі, мы абавязаны выкарыстоўваць увесь патэнцыял не толькі выкладчыкаў, але і спецыялістаў-практыкаў, НАН Беларусі", - адзначыў міністр.-0-
