31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэмакратыі і свабоды ў Беларусі ніколькі не менш, чым у іншых краінах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Смею вас запэўніць: дэмакратыі і свабоды ў Беларусі ніколькі не менш, чым у нашай роднай, брацкай Расіі або на Захадзе, ці далей - у краінах, якія сталі на шлях развіцця, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Ніколькі не менш. Але, магчыма, мы больш строга патрабуем парадку, таму што мы не такія багатыя, як Расія. Яна можа дапусціць памылку, але велізарныя багацці дапамогуць гэту памылку хутка выправіць".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Беларусь не мае такіх рэсурсаў, таму ў краіне марудна ідуць рэформы: памылкі могуць дорага каштаваць. "Калі ў нас утвараецца недзе дзірка, нам няма чым яе залатаць. Таму мы і так званыя рэформы рухаем павольна, крок за крокам. Ідзём як па тонкім лёдзе, як па лязу нажа, каб не спатыкнуцца, не дапусціць памылкі: няма грошай потым на выпраўленне, ды і часу няма. Адстанем - не дагонім. Таму лепш ісці павольна, але ісці, не спыняючыся, не паварочваючы назад і не адыходзячы ўбок. Вось наша палітыка, абсалютна жыццёвая", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь часта крытыкуюць: маўляў, у дзяржаве недастаткова развіта дэмакратыя і не ў поўнай меры выконваюцца правы чалавека. "Павінен заявіць вам як былы парламентарый і чалавек, які меў дачыненне да распрацоўкі Канстытуцыі яшчэ да маёй прэзідэнцкай работы: мы вельмі дасканала вывучылі канстытуцыі ўсіх краін. І я ў гэтым асабіста прымаў удзел. Супернавацый у нашай Канстытуцыі няма: мы ўзялі нешта прымальнае для нас з нашага мінулага, але зусім няшмат, усё астатняе мы перанялі, - канстатаваў кіраўнік дзяржавы. - Мы вучыліся не толькі ў сваіх суседзяў, але перш за ўсё ў іх, таму што яны блізкія нам па развіцці, са многімі мы былі ў адной дзяржаве. Але многае і многае мы перанялі ў апоры дэмакратыі, перш за ўсё Францыі і Злучаных Штатаў Амерыкі".-0-