У беларускім кіно сёння крызіс ідэй. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю часопісу "Финансы. Учет. Аудит" міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, паведамляе БЕЛТА.
Паводле яго слоў, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" і ў цэлым айчынны кінематограф заўсёды добра фінансаваліся дзяржавай, хоць гэта не былі вялікія сумы. Канкурыраваць з галівудскімі карцінамі з удзелам зорак, напоўненымі спецэфектамі, беларускаму кіно не пад сілу. "Але ёсць і іншая ніша ў кінематографе - малабюджэтнае кіно, якое здольна заваяваць цікавасць гледачоў не за кошт спецэфектаў, а цікавых ідэй. А сёння, на мой погляд, у нашым кіно крызіс ідэй. Няма дастойных цікавых сцэнарыяў, якія з'яўляюцца асновай пры стварэнні любога твора. Тыя ж сцэнарыі, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, не вытрымліваюць крытыкі", - лічыць міністр культуры.
Пры гэтым на "Беларусьфільме" актыўна працуюць расійскія кампаніі, што сведчыць аб высокім кінатэхналагічным узроўні кінастудыі.
Сёння не адбылося замены знакамітым рэжысёрам, якія задавалі тон у беларускім кінематографе ў 1970-х - пачатку 2000-х гадоў, таму асаблівы акцэнт будзе зроблены на адкрыцці новых імён.
Барыс Святлоў адзначыў, што механізм дзяржпадтрымкі фільмавытворчасці будзе ўдасканальвацца, прыярытэт будзе аддавацца стужкам сацыяльна значнай тэматыкі на конкурснай аснове. Тэма стварэння ў Беларусі фонду кіно, што існуюць у іншых краінах, усебакова вывучана спецыялістамі, якія прыйшлі да меркавання, што ў стварэнні такога фонду ў краіне няма неабходнасці. "У Беларусі сфарміравана ў цэлым эфектыўная сістэма фінансавання са сродкаў рэспубліканскага бюджэту ўсіх напрамкаў дзейнасці і развіцця кінематаграфіі. На развіццё кінематаграфіі на працягу пяцігодкі запланавана каля Br200 млн, з якіх больш за палавіну (65 працэнтаў) прадугледжана з бюджэту", - сказаў кіраўнік ведамства.
Міністр культуры закрануў тэму Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". Фінансавыя пытанні пры яго арганізацыі ўзніклі ў многім з-за недапрацоўкі дырэкцыі, якая не змагла знайсці асноўны аб'ём сродкаў, паколькі ўзніклі складанасці са спонсарамі. Пры гэтым Мінкультуры і Мінгарвыканкам свае фінансавыя абавязацельствы выканалі поўнасцю. У выніку для таго, каб фестываль прайшоў на ўзроўні, Міністэрству культуры давялося дадаткова браць адсутныя сродкі з бюджэту. На яго думку, хоць фестываль быў знешне больш сціплым, чым папярэднія, па якасці і змесце ён стаў адным з лепшых за апошнія гады.
