Цікавасць чытачоў да друкаванай кнігі вяртаецца. Такое меркаванне выказала 10 лютага журналістам міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у час наведвання XXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Электронная кніга спрашчае магчымасць чытаць у метро, у самалёце. Нельга вазіць з сабой бібліятэку. Але я ўпэўнена, што традыцыя, калі ў доме ёсць няхай невялікая, але свая бібліятэка з любімых кніг, будзе ўмацоўвацца. І патрэбнасць у глыбокім чытанні будзе ўзрастаць", - сказала міністр.
Сёння чытачы імкнуцца атрымліваць інфармацыю хутка. "Але хіба гэта складае сутнасць разумення чалавека, што ён хацеў бы даведацца аб гэтым свеце і аб сабе? Кніга - гэта вялікі расказ, які перадаецца з пакалення ў пакаленне аб тым, што было да нас, ёсць сёння, і што будзе пасля нас", - дадала Лілія Ананіч.
Гаворачы аб кнігах, якія блізкія асабіста ёй, Лілія Ананіч адзначыла, што гэта класічныя творы. Кнігі Шамякіна, Коласа, Купалы, вядомыя з дзяцінства, і сёння з'яўляюцца самымі галоўнымі, сказала на заканчэнне міністр.
