Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў час тэлепраграмы "Клуб рэдактараў" 13 сакавіка ў эфіры канала "Беларусь 1" падзяліўся ўласнымі ўражаннямі ад стаўлення моладзі да працы, паведамляе БЕЛТА.
"Сучасная моладзь не імкнецца працаваць - вырабляць прадукцыю, у асноўным хочуць нешта перакладваць, перапрадаваць, называцца прадпрымальнікам", - лічыць Генадзь Давыдзька.
Паводле яго ацэнак, паняцце "працаваць" перастала быць прэстыжным - "ты што, інакш не ўмееш рабіць грошы, што ты там працуешь як чорны вол, рукамі нешта робіш".
На думку Генадзя Давыдзькі, "у гэтым ёсць вялікая праблема". Ён звязаў з'яўленне замежных рабочых з лянотай. "Гэта што, цывілізацыйная неабходнасць? Чаму так адбываецца ў свеце і з нашай моладдзю?" - задаецца пытаннямі кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі.
Генадзь Давыдзька лічыць няправільнай пазіцыю грамадзян, якія пазбягаюць выплаты падаткаў. "Не плаціць падаткі ў нашым менталітэце - гэта крута. Не заплаціў падатак - малайчына - дзяржаву падмануў", - канстатаваў ён.
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі сказаў, што для стварэння ўмоў для павышэння памеру пенсій трэба "наводзіць парадак з дзеяздольнай моладдзю".
Генеральны дырэктар агенцтва "Мінск-навіны" Кацярына Дубінская абвінаваціла маладых грамадзян у нізкай прадпрымальніцкай актыўнасці. "Перад мінскімі гарадскімі ўладамі ў 2016 годзе стаіць задача стварыць 13 тыс. рабочых месц. З пачатку года толькі 20 чалавек атрымалі субсідыі на адкрыццё малога бізнесу - жадаючых больш няма, сама моладзь не прыходзіць за адкрыццём малога бізнесу", - сказала яна.
