У Беларусі ўзрастае сацыяльны і эканамічны статус жанчын. Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сацыяльны, эканамічны статус жанчын, іх уклад у жыццё грамадства і дзяржавы ўзрастаюць з году ў год. Вядома, у многім гэта абумоўлена паскораным тэхнічным прагрэсам, эмансіпацыяй, міжнароднай інтэграцыяй, павелічэннем чаканай працягласці жыцця, - сказаў намеснік міністра. - Разам з тым рухаючай сілай з'яўляецца змяненне ўспрымання грамадствам пытанняў гендарнай роўнасці. І гэта не стыхійны працэс, а вынік мэтанакіраванай палітыкі дзяржавы па забеспячэнні роўных правоў і магчымасцей мужчын і жанчын".
Паводле даных Даклада аб чалавечым развіцці 2015 года, Беларусь уваходзіць у лік 15 краін, дзе індэкс чалавечага развіцця жанчын роўны або перавышае аналагічны паказчык сярод мужчын. "Гэта стала магчымым дзякуючы збалансаванай палітыцы дзяржавы ў сферы забеспячэння роўных правоў і магчымасцей", - падкрэсліў Аляксандр Румак.
Вялікі ўплыў на павышэнне сацыяльнага статусу жанчын аказвае жаночы рух. "Пры гэтым вельмі важна, каб прафесійная, грамадская дзейнасць жанчын гарманічна спалучалася з сямейным жыццём", - лічыць намеснік міністра.
У краіне прыняты пяты Нацыянальны план па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2017-2020 гады. Яго мэта - развіццё механізмаў укаранення гендарнага падыходу ў працэс распрацоўкі і рэалізацыі мер дзяржаўнай палітыкі ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства. Нядаўна абноўлены склад Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў, які дзейнічае з 2001 года.
Поспехі і выклікі на шляху дасягнення гендарнай роўнасці былі прадстаўлены беларускай дэлегацыяй у кастрычніку 2016 года ў Жэневе на 65-й сесіі Камітэта ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі адносна жанчын. Заключныя рэкамендацыі камітэта размешчаны на сайце Міністэрства працы і сацабароны і будуць разгледжаны на бліжэйшым пасяджэнні Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы - у апошняй дэкадзе сакавіка.
