Палажэнні дэкрэта нумар 7 "Аб прыцягненні грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты)" адпавядаюць міжнароднай практыцы. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА дэкан эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Кавалёў.
"Абкладанне падаходным падаткам працэнтных даходаў па банкаўскіх укладах - міжнародная практыка. Гэта мера шырока прымяняецца ў капіталістычных краінах. Прычым падаходны падатак у іх у разы большы, чым у нас у адпаведнасці з дэкрэтам нумар 7, - сказаў эксперт. - На мой погляд, гэта нават больш натуральна, чым абкладаць падаткам заработную плату. Паклалі ў банк грошы, зарабілі працэнты - чаму не павінны плаціць падатак?!"
У адпаведнасці з дэкрэтам нумар 7 з красавіка 2016 года падаходным падаткам будуць абкладацца працэнтныя даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі пры размяшчэнні грашовых сродкаў на бягучых (разліковых) банкаўскіх рахунках і ва ўкладах (дэпазітах) на тэрмін меншы за 1 год - у беларускіх рублях, меншы за 2 гады - у замежнай валюце. Пры гэтым падаходны падатак будзе спаганяцца толькі з працэнтных даходаў, а не з усёй сумы ўкладу, і толькі ў тым выпадку, калі працэнтная стаўка, па якой атрыманы гэты даход, перавышае памер дзеючай у банку працэнтнай стаўкі па ўкладзе да запатрабавання. "Такім чынам, банкі будуць стымуляваць насельніцтва давяраць ім грошы на больш працяглыя тэрміны. Па гэтых укладах банкі будуць плаціць большыя працэнты, і гэтыя працэнты не будуць абкладацца падаходным падаткам", - лічыць Міхаіл Кавалёў.
Разам з тым, дадаў субяседнік, звычайна ў замежных банках нерэзідэнты не плацяць падаходны падатак - гэта зроблена ў мэтах прыцягнення фінансавых сродкаў замежных грамадзян. У Беларусі гэта не прадугледжана, са шкадаваннем канстатаваў эксперт.
Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ва ўсім цывілізаваным свеце ўсе ўклады - безадзыўныя, чалавеку можна "камандаваць" толькі грашамі на банкаўскай картцы і на бягучым рахунку, але не сродкамі на дэпазіце. "У замежных банках укладчык не можа зняць грошы да надыходу тэрміну, на які ён іх паклаў (за выключэннем форс-мажорных сітуацый). Лічу, такія выключныя абставіны будуць прадугледжаны і нашымі банкамі. Напрыклад, у нямецкіх банках такі парадак, што за тры месяцы да заканчэння тэрміну дэпазіту сам укладчык павінен папярэдзіць банк аб тым, што будзе знімаць свае грошы. Калі гэтага не зрабіў - банк аўтаматычна прадаўжае дагавор на ранейшых умовах на наступны тэрмін", - адзначыў Міхаіл Кавалёў.
Паводле яго слоў, у Беларусі для ўкладчыкаў былі створаны вельмі зручныя ўмовы - у свой час гэта было зроблена для максімальнага прыцягнення ўкладаў у банкі. "Зразумела, што насельніцтву, якое прывыкла да больш выгадных умоў, не вельмі спадабаюцца навацыі. Але хутка мы адаптуемся да новых рэалій. Кожны чалавек будзе сам вырашаць, якім укладам карыстацца - адзыўным або неадзыўным. Думаю, што па першых банкі прапануюць вельмі малыя працэнты", - дадаў эксперт.
Міхаіл Кавалёў асабліва падкрэсліў, што дагаворы банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), заключаныя да 12 лістапада 2015 года, будуць выконвацца на ранейшых умовах на працягу ўсяго тэрміну дзеяння. "Калі грошы ляжаць на ўкладзе, то яны і будуць там ляжаць па тых жа правілах: на тых жа ўмовах і без падаткаабкладання, - дэкрэт датычыцца толькі новых укладаў", - растлумачыў ён.-0-
