Карэкціроўка дэкрэта нумар 3 павінна забяспечваць сацыяльную справядлівасць. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА загадчык кафедры кіравання рэгіянальным развіццём Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Аляксандр Луцэвіч.
"Дэкрэт нумар 3 даў магчымасць выявіць катэгорыю грамадзян, якія карыстаюцца дабротамі, што прадастаўляюцца дзяржавай, але не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржрасходаў. У бліжэйшы час у дэкрэт будуць унесены змяненні, і тут важна менавіта тое, што спіс сацыяльных утрыманцаў плануецца ўдакладніць, у ім будуць канкрэтна тыя, хто павінен і можа працаваць", - адзначыў Аляксандр Луцэвіч. Карэкціроўка дакумента дасць магчымасць абараніць інтарэсы тых, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю і каму патрэбна дапамога і ўвага дзяржавы.
Таму падыход павінен быць дыферэнцыраваным, кожная сітуацыя павінна разглядацца індывідуальна. У сувязі з гэтым да работы па выкананні дэкрэта нумар 3 павінны больш актыўна падключацца ўлады на месцах. "У гэтым выпадку ўсё знаходзіцца ў руках прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. Менавіта ў іх ёсць рэсурсы, каб выявіць асоб, якія не працуюць і якіх неабходна прымусіць працаваць", - сказаў Аляксандр Луцэвіч.
Сабраныя сродкі будуць накіраваны на тое, каб аказваць дапамогу неабароненай частцы нашага грамадства - дзецям. "Аб эканоміцы, напэўна, гаварыць тут не трэба. Вядома ж, у гэтым выпадку мы чакаем перш за ўсё сацыяльнага эфекту, сацыяльнай справядлівасці", - рэзюмаваў Аляксандр Луцэвіч.
Сёння на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы абмяркоўваліся актуальныя пытанні развіцця краіны. Размова ішла ў тым ліку аб беларуска-расійскіх адносінах, дэкрэце нумар 3, працаўладкаванні беспрацоўных, неабходнасці няўхільнага выканання раней дадзеных даручэнняў па давядзенні на працягу года сярэдняй заработнай платы да ўзроўню $500 і падтрыманні строгай выканальніцкай дысцыпліны.
