Беларусь здольна абараніць сваіх спартсменаў. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч, каменціруючы рашэнне Міжнароднага арбітражнага спартыўнага суда ў Лазане аб адмене гадавой дыскваліфікацыі мужчынскай каманды.
Настаўнік адной з самых паспяховых зборных выказаў удзячнасць за дапамогу Міністэрству спорту і турызму, Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту і падкрэсліў, што беларускаму боку неабходна патрабаваць кампенсацыю за адхіленне мужчынскай каманды ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях 2016 года. "НАК і Мінспорту трэба падключыць лепшых юрыстаў і дабіцца ад Міжнароднай федэрацыі каноэ (ICF) кампенсацыі маральнай шкоды і матэрыяльнага ўрону. Мы рыхтаваліся да галоўных стартаў чатырохгоддзя некалькі гадоў, затрачана нямала сродкаў, у выніку пакарання атлеты страцілі ў зарплатах. Няхай у ICF зразумеюць, што Беларусь здольна абараніць сваіх спартсменаў", - адзначыў ён.
"Калі Міжнародная федэрацыя каноэ толькі прыняла рашэнне аб адхіленні каманды ад Алімпіяды, спачатку быў абураны. Прасіў дапамогі і падтрымкі ва ўсіх інстанцыях, у тым ліку і ў журналістаў. Гаварыў аб тым, што пэўная група людзей учыніла злачынства. Нашу мужчынскую каманду Міжнародная федэрацыя каноэ павінна была дапусціць да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях і чакаць рашэння антыдопінгавага агенцтва Францыі. Схіляюся да версіі, што ў гэтай гісторыі быў рэжысёр. Рашэнне CAS зняць з нас дыскваліфікацыю на год, вядома, успрыняў з радасцю. Зборная, як і раней, прадаўжае згодна з планам рыхтавацца да наступнага сезона", - расказаў Уладзімір Шантаровіч.
Як паведамлялася раней, пры падрыхтоўцы да Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра зборная Беларусі вясной 2016 года праходзіла трэніровачны збор у Францыі, дзе падверглася вобыску з боку паліцыі і падазравалася кіраўніцтвам Міжнароднай федэрацыі каноэ ў прымяненні забароненых прэпаратаў, з-за чаго мужчынская каманда не змагла прыняць удзел у летніх Гульнях у Рыа. Беларускі бок звярнуўся ў Міжнародны арбітражны спартыўны суд у Лазане. У паскораным разглядзе справы перад Алімпіядай CAS адмовіў, слуханне адбылося 7 лістапада 2016 года ў Швейцарыі. Рашэнне па гэтай справе было вынесена 23 студзеня. CAS адмяніў гадавую дыскваліфікацыю мужчынскай зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, накладзеную Міжнароднай федэрацыяй гэтага віду спорту.
