Гандлёвая палітыка Беларусі з далучэннем да СГА стане больш актыўнай. Такое меркаванне выказаў 29 сакавіка журналістам па выніках нарады ў Прэзідэнта Беларусі аб узаемадзеянні з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй намеснік міністра эканомікі Антон Кудасаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Антон Кудасаў падкрэсліў, што СГА не з'яўляецца канечным пунктам работы. "Я думаю, што мы будзем заключаць пагадненні аб свабодным гандлі, прэферэнцыйныя пагадненні з шэрагам дзяржаў, якія для нас і мы для якіх з'яўляемся важнымі з пункту гледжання знешняга гандлю", - сказаў ён.
Намеснік міністра эканомікі лічыць, што ўзрасце і беларускі экспарт. У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што за 20 гадоў існавання СГА і ўзаемадзеяння Беларусі з гэтай арганізацыяй беларуская эканоміка вырасла ў 5 разоў, знешні гандаль і экспарт - у 6 разоў. Ён таксама звярнуў увагу, што ў Беларусі высокая ступень залежнасці ад вынікаў знешняга гандлю.
У той жа час рост аб'ёмаў гандлю не адбудзецца аўтаматычна, падкрэсліў Антон Кудасаў. Паводле яго слоў, гэта стане магчымым у выніку таго, што беларускія экспарцёры будуць карыстацца магчымасцямі, якія прадастаўляе СГА, а ўрад будзе карыстацца прававымі механізмамі, што прадугледжаны ў СГА для адстойвання гандлёва-эканамічных інтарэсаў.
Далучэнне Беларусі да СГА станоўча паўплывае і на сферу інвестыцый, адзначыў намеснік міністра, і гэта таксама не адбудзецца аўтаматычна. "Але як механізм стварэння ўмоў - безумоўна, так, - сказаў Антон Кудасаў. - Паколькі інвестыцыі ажыццяўляюцца з мэтай вытворчасці тавараў і паслуг, у якіх павінна быць гандлёвая перспектыва, у тым ліку за межамі Беларусі. Таму, калі мы гаворым аб інвестыцыях, арыентаваных на экспарт, на міжнародны тавараабмен, безумоўна, уступленне ў СГА будзе плюсам".
"Нават па фармальных меркаваннях сусветных фінансавых рынкаў пэўныя рэйтынгавыя пазіцыі Беларусі з пункту гледжання пазык, выпуску і размяшчэнняў дзяржаўных каштоўных папер, атрымання гарантыйных інструментаў, важных для знешняга гандлю, нават з пункту гледжання фармальных рэйтынгаў наша ўступленне павінна павысіць", - дадаў ён.
