Беларусь праводзіць эфектыўную маладзёжную палітыку. Такое меркаванне 12 красавіка журналістам выказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
12 красавіка ў Мінску праходзіць пасяджэнне Савета па справах моладзі краін СНД. Ігар Карпенка падкрэсліў, што праводзіць такое важнае мерапрыемства для Беларусі вялікі гонар. Ён адзначыў, што Беларусі і самой ёсць што паказаць у галіне маладзёжнай палітыкі. У краіне ў гэтай сферы створана сур'ёзная заканадаўчая база, прыняты праграмныя дакументы, якія вызначаюць асноўныя мерапрыемствы маладзёжнай палітыкі і крыніцы іх фінансавання. Ужо стаў традыцыйным конкурс маладзёжных інавацыйных праектаў "100 ідэй для Беларусі", які праводзіцца пад эгідай БРСМ. Такі вопыт распаўсюдзіўся на Садружнасць. 12 красавіка ў Мінску адкрываецца выстаўка-прэзентацыя "100 ідэй для СНД".
На пасяджэнні Ігар Карпенка расказаў аб развіцці беларускай сістэмы адукацыі, мерах, якія прымаюцца ў краіне для падтрымкі таленавітай моладзі і маладых сем'яў.
Міністр падкрэсліў, што ў Беларусі разумеюць, наколькі важная для маладых людзей самарэалізацыя. Удзельнічаючы ў такіх праектах, моладзь атрымлівае магчымасць праявіць сябе ў творчасці, навуцы, спорце, грамадскай дзейнасці, маладзёжным парламентарызме. "Гэта ўсё важныя складнікі глабальнай палітыкі, якая накіравана на тое, каб маладыя грамадзяне дастойна падхапілі з рук старэйшых пакаленняў нашу маладую, незалежную, суверэнную дзяржаву", - рэзюмаваў Ігар Карпенка.
