Мадэрнізацыя бюджэтнай сістэмы Беларусі дасць магчымасць знізіць фінансавыя і эканамічныя рызыкі
Комплекс мерапрыемстваў плана сумесных дзеянняў урада і Нацбанка па структурнаму рэфармаванню і павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомікі накіраваны на мадэрнізацыю бюджэтнай сістэмы Беларусі, адзначыў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА 22 кастрычніка фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.
Адна з важнейшых задач плана - аптымізацыя фінансавання ў рамках дзяржаўных праграм разам з аптымізацыяй дзяржаўных расходаў у цэлым, падкрэсліў эксперт. "Урад цяпер нацэлены на тое, каб прывесці аб'ём і структуру дзяржаўных расходаў у адпаведнасць з магчымасцямі і патрэбнасцямі нацыянальнай эканомікі. Такі падыход дасць магчымасць знізіць у кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве адпаведныя фінансавыя і эканамічныя рызыкі, якія звязаны ў тым ліку з неабходнасцю ажыццяўлення выплат па знешняму дзяржаўнаму доўгу", - звярнуў увагу Аляксандр Муха.
Будзе праводзіцца работа для павышэння рэзультатыўнасці бюджэтных расходаў. "Мэтазгодным выглядае пераход да бюджэтавання, арыентаванага на вынік, што дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць расходаў за кошт пераразмеркавання рэсурсаў на карысць тых дзяржаўных праектаў або праграм, якія маюць найбольшую аддачу з пункту гледжання эканамічных прыярытэтаў грамадства", - сказаў эксперт. З гэтай мэтай прадугледжана распрацоўка крытэрыяў і паказчыкаў ацэнкі эфектыўнасці бюджэтных праграм, што дасць магчымасць рэгуляваць аб'ём фінансавання дзяржпраграм і мерапрыемстваў пры зніжэнні іх эфектыўнасці. Пералік і змест канкрэтных дзяржаўных праграм таксама можа быць перагледжаны з мэтай атрымання максімальнага канчатковага выніку.
У якасці станоўчага моманту аналітык выдзеліў рашэнне перавесці фінансаванне ўсіх дзяржаўных праграм у Банк развіцця Беларусі. "Такі падыход будзе садзейнічаць павышэнню празрыстасці дзяржаўных аперацый, звязаных з перамяшчэннем бюджэтных сродкаў, павелічэнню эфектыўнасці крэдытавання дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў", - мяркуе Аляксандр Муха. Паводле яго слоў, гэта таксама будзе садзейнічаць больш строгаму адбору праграм для фінансавання, што ў сваю чаргу прывядзе да здаровай канкурэнцыі паміж міністэрствамі і ведамствамі за бюджэтныя рэсурсы і будзе садзейнічаць павышэнню якасці дзяржаўных паслуг. У гэтым кантэксце мэтазгодным выглядае забеспячэнне празрыстасці бюджэтных аперацый, у тым ліку ў рамках Банка развіцця Беларусі, за кошт рэгулярнай публікацыі адпаведных справаздач і дэталізаванай статыстычнай інфармацыі, лічыць эксперт.
"Па сутнасці, сумесны план урада і Нацбанка нацэлены на павышэнне тэмпаў эканамічнага росту пры адначасовым забеспячэнні знешняй і ўнутранай устойлівасці нацыянальнай эканомікі ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве. І ў прынцыпе ў гэтым сэнсе прапанаваная ўрадам праграма эканамічных рэформ можа быць падтрымана міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі", - канстатаваў Аляксандр Муха.
22 кастрычніка ў час прэзентацыі Эканамічнага агляду Сусветнага банка па Беларусі ў Мінску прадстаўнікі банка пазітыўна ацанілі прыняты ўрадам і Нацбанкам план структурных рэформ эканомікі, падкрэсліўшы пры гэтым важную ролю яго паслядоўнай рэалізацыі.
План сумесных дзеянняў урада і Нацыянальнага банка па структурнаму рэфармаванню і павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомікі краіны быў зацверджаны 10 кастрычніка 2013 года. Саўмін і Нацбанк вызначылі ключавыя напрамкі з пералікам канкрэтных мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё беларускай эканомікі. Так, у плане ў тым ліку прадугледжаны дзеянні па ўдасканаленню грашова-крэдытнай, інвестыцыйнай, бюджэтнай, тарыфнай палітыкі, аптымізацыі дзяржпраграм, комплекснаму ўдасканаленню падатковай сістэмы, павышэнню эфектыўнасці кіравання дзяржмаёмасцю і механізмаў прыватызацыі дзяржуласнасці. Некаторыя мерапрыемствы будуць рэалізаваны ўжо да канца бягучага года, а ў цэлым план разлічаны на сярэднетэрміновую перспектыву.
