Сцяг Панядзелак, 9 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 лютага 2026, 18:33

Дэпутат: абмежаванне трафіку на безлімітных тарыфах не закранае дамашні інтэрнэт

Фота pexels
Фота pexels
11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абмежаванне трафіку на безлімітных тарыфах, якое ўводзіцца пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі нумар 38, не закранае дамашні інтэрнэт. Аб гэтым журналістам расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Юрый Панфілаў перад пачаткам круглага стала на тэму "Навацыі рэгулявання мабільнага інтэрнэту ў Рэспубліцы Беларусь" у Палаце прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Юрыя Панфілава, на мерапрыемстве дэпутаты ўзнялі пытанні, якія задаюць выбаршчыкі, у асноўным маладзёжная аўдыторыя. Многія вельмі хвалююцца пасля прыняцця пастановы Мінсувязі ад 22 снежня 2025 года нумар 38 аб абмежаванні аб'ёму паслуг перадачы даных на безлімітных тарыфах з 23 снежня. Згодна з дакументам, ліміт знізяць да 30 Гб у месяц, а далей скорасць упадзе да 1 Мбіт/с.

"Людзі пытаюцца: чаму і для чаго гэта робіцца? Хачу адразу сказаць: у ходзе дыскусіі высветлілася, што праблем няма. Паводле статыстыкі спажывання трафіку на сённяшні дзень 85 працэнтаў абанентаў усіх аператараў мабільнай сувязі выкарыстоўваюць значна менш за 30 Гб і толькі 15 працэнтаў спажываюць 30 Гб і больш. Менавіта пад іх увялі абмежаванні, каб збалансаваць сеткі, павялічыць прапускную здольнасць і палепшыць якасць мабільнага інтэрнэту. Цяпер усе карыстальнікі атрымаюць аднолькавую паслугу, інтэрнэт выраўнуецца ва ўсіх сетках", - падкрэсліў ён.

Таксама правялі эксперымент: скорасць 1 Мбіт/с дастатковая, каб узаемадзейнічаць у месенджарах, глядзець навіны і размаўляць па відэазванку. "Нават меншая скорасць дазваляе працаваць у сетцы без страты якасці. Таму ніякіх праблем не ўзнікне. У пастанове нумар 38 ёсць агаворка: калі карыстальнік перавысіў 30 Гб, ён можа купіць дадатковыя Гб - або па аб'ёме, або па часе. Праз асабісты кабінет у дадатку ён аплачвае так званую "турба-кнопку" аператару і прадаўжае карыстацца сеткай на той жа скорасці. Таму спажыўцы вялікага трафіку не адчуюць нязручнасцей.

Юрый Панфілаў таксама падкрэсліў, што гэта абмежаванне датычыцца толькі мабільнага інтэрнэту. Для дамашняга Wi-Fi яно не дзейнічае - гэта правадны інтэрнэт.

"Бізнес таксама не пацерпіць. Пастанова не статычная: мы вывучым практыку прымянення, паглядзім, як выраўнуецца сітуацыя, і павінны адчуць паляпшэнне якасці сувязі па ўсёй краіне. Калі тэхналогіі 4G і 5G будуць развівацца, а інфраструктурны аператар і аператары мабільнай сувязі павялічаць прапускную здольнасць, ліміт можа вырасці", - дапусціў дэпутат.

У кастрычніку 2025 года ў Авальнай зале ўжо была праведзена сустрэча па актуальных пытаннях развіцця мабільнай сувязі. "Запрасілі ўсіх мабільных аператараў, міністра сувязі і інфарматызацыі, яго першых намеснікаў і прадстаўнікоў іншых міністэрстваў. Урад уважліва сочыць за дзяржаўным рэгуляваннем. У жніўні 2024 года быў прыняты ўказ Прэзідэнта нумар 335, згодна з якім 20 працэнтаў чыстага прыбытку аператараў ідзе на развіццё інфраструктуры. Праз год выйшаў наступны ўказ нумар 301, які спрасціў будаўніцтва і абслугоўванне аб'ектаў мабільнай сотавай сувязі - гэта аблегчыла ўвод у эксплуатацыю і абслугоўванне сетак", - нагадаў дэпутат.

Сёння на пляцоўцы Палаты прадстаўнікоў абмяркоўваецца трэці момант: адказнасць аператараў і ўнясенне змяненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. "Законапраект яшчэ не прыняты, але ўносіцца пэўная прапанова аб адказнасці аператара. Раней мы апісвалі патрабаванні ўскосна, без канкрэтнай нормы адказнасці. Цяпер яе аблічбуюць і ўвядуць у КОАП. Прапанову ніхто не раскрытыкаваў і не адмяніў, таму яна будзе прынята", - падкрэсліў Юрый Панфілаў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Мінсувязі і мабільных аператараў. У рамках круглага стала бакі абмеркавалі праблемныя моманты, а дэпутаты выказалі свае прапановы. Ужо на наступным тыдні парламентарыі будуць працаваць у акругах, каб растлумачыць выбаршчыкам усе пытанні прымянення новага дакумента.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі