4 кастрычніка, Віцебск /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. XXIV Міжнародны фестываль арганнай музыкі "Званы Сафіі" пройдзе з 20 кастрычніка па 24 лістапада ў Сафійскім саборы ў Полацку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пад купалам храма выступяць музыканты з Беларусі, Францыі, Германіі, Расіі, Польшчы і Японіі. У дні фестывалю разам з арганам аматары музыкі змогуць атрымаць асалоду ад гучання барочнай трубы, кларнета, саксафона, аркестра, хору і блокфлейты. Беларускія музыканты Таццяна Гаўрылава (сапрана), арганістка Калініка Мядзведзева і Аляксандр Ахрамко (барочная труба) выканаюць 20 кастрычніка праграму "L'anima vivente". У ёй будуць творы Баха, Гендэля, Пёрсела, Вівальдзі.
Адкрыецца фестываль 24 кастрычніка ў 18.00 канцэртам арганісткі Сафійскага сабора Ксеніі Пагарэлай, камернага хору Гомельскай абласной філармоніі і аркестра "Еўропа-цэнтр". За дырыжорскім пультам будзе Раіль Садыкаў.
У іншыя дні можна будзе паслухаць класіку ў выкананні французскага арганіста П'ера Зеворта, расійскіх музыкантаў Дзяніса Маханькова і Дзіны Іхінай. Выступяць у Полацку японская арганістка Хірока Іноўэ і саксафаністка Вераніка Кажухарава. Віртуозную выканаўцу на блокфлейце і кларнеце Сюзанну Эрхардт з Германіі можна будзе пачуць 17 лістапада. Завершыць праграму фестывалю канцэрт польскага арганіста Міхала Коцата (24 лістапада).-0-