Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 лістапада 2011, 16:22

Гала-канцэрт Нацыянальнай музычнай прэміі спалучыць усе напрамкі сучаснай эстрады

1 лістапада, Мінск /Таццяна Пастушэнка - БЕЛТА/. Гала-канцэрт Нацыянальнай музычнай прэміі, якую ўручаць у Беларусі ўпершыню, спалучыць усе напрамкі сучаснай эстраднай музыкі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік генеральнага дырэктара тэлеканала ЗАТ "СТБ" Павел Каранеўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта будзе не проста ўручэнне статуэтак, а цікавае шоу", - запэўніў Павел Каранеўскі. СТБ мае багаты вопыт у арганізацыі такіх канцэртаў: аб гэтым сведчыць хаця б тое, што тэлеканал двойчы займаўся Нацыянальным конкурсам "Тэлевяршыня" і рэалізоўваў уласныя музычныя праекты. Паводле слоў гендырэктара тэлеканала, над выніковым гала-канцэртам, які адбудзецца 13 снежня ў Палацы Рэспублікі, працуе вельмі моцная рэжысёрская група, гледачам будзе што паглядзець.

Аўтарам музыкі, напісанай спецыяльна для Нацыянальнай музычнай прэміі, выступіў беларускі кампазітар Яўген Алейнік, які прадзюсіраваў пераможцу дзіцячага "Еўрабачання-2007" Яўгена Жыгалковіча, стварыў музычную "ўпакоўку" для дзіцячага "Еўрабачання-2010", напісаў песню для ўдзельніцы "Еўрабачання-2011" Настассі Віннікавай. Музыка Яўгена Алейніка злучае ў сабе класіку, оперу, папулярную музыку і фальклор.

Адказваючы на пытанне аб тым, ці могуць прэтэндаваць на атрыманне ганаровай узнагароды беларускія выканаўцы, якія працуюць за мяжой (напрыклад, Наталля Падольская, Руслан Аляхно, Дзмітрый Калдун), намеснік гендырэктара СТБ растлумачыў, што арганізатары гатовы разглядаць заяўкі ўсіх беларускіх выканаўцаў без выключэння, галоўны крытэрый - іх любоў да айчыннага эстраднага мастацтва. Пры гэтым першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі звярнуў увагу на тое, што галоўным чынам прэмія ўсё-такі арыентавана на тых, хто жыве і працуе ў Беларусі.

Павел Каранеўскі і Уладзімір Карачэўскі пракаменціравалі сітуацыю, што склалася на Нацыянальнай тэатральнай прэміі, якая таксама ўручалася ўпершыню, са спектаклем "Не мой" Купалаўскага тэатра: ён быў удастоены пяці ўзнагарод з сямі магчымых. Арганізатары не выключаюць такога павароту падзей і на музычнай прэміі. Больш таго, правілы конкурсу даюць магчымасць дзеячам эстраднага мастацтва вылучаць свае праекты і работы на атрыманне прэстыжнай узнагароды праз год.

Арганізатары Нацыянальнай музычнай прэміі - Міністэрства культуры і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі